Міхаілу Пташуку сёння споўнілася б 75

28 января 2018

З яго імем звязаная цэлая эпоха ў беларускім кіно. Знакамітаму рэжысёру Міхаілу Пташуку сёння споўнілася б 75. Народны артыст БССР пайшоў на піку творчай кар'еры. Яго апошняя работа - фільм "У чэрвені 41-га" - быў зняты на заказ Галівуду. Аб рэжысёры-легендзе - Наталля Бардзілоўская.

Гісторыя яўрэйкі Розы, якая з амерыканскай эміграцыі вяртаецца ў Беларусь (на радзіму продкаў), каб сабраць музычны фальклор. Прыязджае літаральна за дзень да пачатку вайны і на свае вочы бачыць усе жахі фашысцкага наступу. Дзяўчыну ўратоўвае савецкі лейтэнант Іван. У іх каханне, але ён гіне, а ёй удаецца выратавацца і вярнуцца ў ЗША.

Тэма апошняй стужкі Пташука для яго класічная. Рэжысёр – дзіця вайны, і асабіста блізкую трагічную тэму ён пранёс скрозь усю сваю творчасць. “Вазьму твой боль” - карціна пра яго бацькоў. “Знак бяды” - здымаў на малой радзіме, у вёсцы Федзюкі на Брэстчыне. Землякі Пташука нават стварылі музей гэтай стужкі. “Час выбраў нас” і апагей ваеннай рэжысуры Пташука - экранізацыя рамана Уладзіміра Багамолава «Час ісціны».

«У жніўні 44-га» - стужка, якая прынесла Пташуку сусветную славу. Беларускага майстра заўважылі на міжнародным кінаалімпе – у Галівудзе. Амерыканскі рэжысёр Роджэр Корман параўноўваў калегу-беларуса са Стывенам Спілбергам і планаваў зрабіць з ім перспектыўна аскараносны фільм. Але планы не паспелі здзейсніцца. Пташук загінуў у аўтакатастрофе па дарозе на кінафестываль «Ніка», дзе тая ж яго работа «У жніўні 44-га» была адзначана ў некалькіх асноўных намінацыях.

Зорны выканальніцкі склад, што здымаўся ў «Жніўні 44-га», перайшоў у «Чэрвень 41-га». Апошні фільм Пташука стаў і для яго, і для Беларускай гільдыі кінаакцёраў першым вопытам прадзюсарскага кіно і супрацоўніцтва з Галівудам.

Перавагай для майстра было тое, што ён ставіў на сваёй зямлі, але ж астатнія пазіцыі вызначалі амерыканцы. Яны выбіралі лакацыі. Скарачалі тэрміны здымак. Кантралявалі ігру акцёраў, якім літаральна за некалькі месяцаў трэба было авалодаць галівудскімі тэхналогіямі!

Амерыканскі бок застаўся задаволеным супрацоўніцтвам з беларусамі. Сам жа Пташук, які паспеў пабачыць зманціраваны фільм, не ацаніў яго як сур'ёзны, высокамастацкі праект. Майстар быў вымушаны адмовіцца ад звыклых яму шырокіх мазкоў, ад свайго стылю. Галівуд нават яго аўтарскую назву стужкі «Песня Розы» - ад імя галоўнай гераіні – змяніў на больш камерцыйную. «У чэрвені 41-га» павінна было стаць заакіянскім пралогам «У жніўні 44-га».