Міхаіл Кікоін вярнуўся ў Беларусь

18 декабря 2018

Значнай інфармацыйнай падставай для беларускіх журналістаў сёння стала навіна з Нацыянальнага мастацкага музея. Міхаіл Кікоін вярнуўся ў Беларусь. З'явіўся першы арыгінал пэндзля майстра з сусветным імем.

 

Ураджэнец Гомеля Міхаіл або Мішэль Кікоін - адзін з самых яркіх прадстаўнікоў плеяды беларусаў Парыжскай школы. Сучаснік Шагала, Суціна, Крэменя. Сёння адбылася ўрачыстая перадача работы ў дарунак музею. Алейны нацюрморт выявілі ў карціннай галерэі ў Форт-Ладэрдэйлі ў ЗША. На радзіму карціна вярнулася дзякуючы кааперацыі дыпкорпуса ў Швейцарыі з ганаровым консулам Беларусі ў Лазане Андрэем Нажэскіным. Гэты тандэм ужо мае вопыт рэверсіі культурных каштоўнасцяў у Беларусь. Пад патранажам пасольства ў Мінск прыехалі арыгіналы Любіча і Надзеі Хадасевіч-Лежэ.

Андрэй Нажэскін, ганаровы консул Беларусі ў Лазане, (Швейцарыя):

"Імя Кікоіна прагучала адным з імёнаў, якія трэба вярнуць. Мы звязаліся з музеем. Музей сказаў, што ў яго ў калекцыі няма Кікоіна наогул. Мы пачалі шукаць работы, якія магчыма вярнуць. Вельмі многія не хочуць расставацца з работамі. І гэтая работа аказалася ў ЗША ў галерэі. І так сказаць, яны ласкава саступілі яе нам".

Нацюрморт дапоўніў збор Парыжскай школы Нацыянальнага мастацкага музея. Тым не менш, патэнцыял для росту музейных фондаў усё ж ёсць. Ужо ў пачатку наступнага года ў калекцыі стане як мінімум на аднаго аўтара больш. Музей плануе зрабіць самастойную экспазіцыю выхадцаў з Беларусі з парыжскай прапіскай.