Міжнародны праект "Красаweek" падвёў свае вынікі

4 мая 2015

Тыдзень прыгажосці і фарбаў. Міжнародны праект "Красаweek" падвёў свае вынікі. Конкурс дзіцяча-юнацкай творчасці, арганізаваны Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжам імя Глебава, праводзіцца пяты раз. Агляд талентаў збірае ў Мінску ўдзельнікаў з усіх куткоў не толькі Беларусі, але і ўсяго свету. Работы лепшых аб'яднала экспазіцыя ў музеі горада.

Наталля Бардзілоўская больш падрабязна. Сталічны музейны дворык сабраў маладзёжны інтэрнацыянальны натоўп. Геаграфія ўдзельнікаў бачная па тварах: да юных мастакоў з суседніх Літвы, Расіі і Польшчы сёлета далучыліся аўтары са Шры-Ланкі і Турцыі. З пяцісот юнакоў і дзяўчат, якія вырашылі творча паспаборнічаць, дваццаць шчасліўчыкаў атрымалі дыпломы пераможцаў і заўсёды патрэбныя для творчасці падарункі: альбомы, фарбы, пэндзлі.

У жывапісе, графіцы, у тым ліку камп’ютарнай, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве творцы ўзросту ад 12 да 20. Майстроў-пачаткоўцаў ацэньвалі не толькі прафесіяналы - самі дзеці давалі адзін адному ацэнку.

Уладальніка прыза сімпатый гледачоў сёлета аднагалосна вызначыла журы і гледачы. Гран-пры конкурсу "Красаweek" - у навучэнца сталічнай мастацкай школы імя Цвіркі Ільі Казака.

Гран-пры міжнароднага конкурсу – сертыфікат на падрыхтоўчыя курсы ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя Глебава. Зрэшты, выстава дае гэтай установе магчымасць своеасаблівых творчых агледзін: "глебаўка", на базе якой і ладзіцца праект, знаёміцца з будучымі абітурыентамі.

Адметна тое, што гэты праект Глебаўскае вучылішча робіць ва ўмовах рамонту свайго галоўнага будынка. Альма-матэр беларускіх мастакоў працягвае адкрываць новыя імёны.