Міжнародны праект "Гарызонты" - у цэнтры сучасных мастацтваў

4 февраля 2020
Тры ў адным: тры персанальныя выставы ў адной экспазіцыі. У  Цэнтры сучасных мастацтваў на  Някрасава, 3  адкрыўся  міжнародны праект  "Гарызонты". Ён стартаваў летась на  востраве  Тэнэрыфе, а зараз пераехаў у беларускую сталіцу. Творчая  справаздача  аб'яднала мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі, але зараз жывуць у розных краінах. Аляксей  Кузняцоў - у Маскве, Дзяніс  Сіняўскі - у Іспаніі, Сяргей Крыштаповіч  - у Беларусі.

У кожнага свае мастацкія тэхнікі і  лініі самавыражэння. Іх асабістыя праекты так і называюцца: "Лінія паветра", "Лінія зямлі", "Лінія вады". Напрыклад, Дзяніс Сіняўскі на палотнах разам са звыклымі  фарбамі   выкарыстоўвае марскую ваду, прыродную глебу і вулканічны пясок.

Для паўнаты ўспрымання даступныя фота і відэа прыроды, знятыя ў розных кутках свету. Праз жывапіс і  інсталяцыі з гукавым афармленнем аўтары раскрылі тэму праекта "Гарызонты", які будзе  экспанавацца да 1 сакавіка.