Ад класічных пастановак да эксперыментаў - Магілёў стаў цэнтрам тэатральнага мастацтва. На міжнародны маладзёжны форум M.@rt.контакт завіталі калектывы з 8 краін. У тым ліку з Прыбалтыкі, Польшчы і Казахстана. У афішы - 22 спектаклі для прыхільнікаў і камедыі, і драмы. Андрэй Ястрабаў - пра самыя цікавыя моманты фестывалю.
Песня аб малой радзіме. Калектыў музычна-драматычнага тэатра з казахстанскага Актау прывёз сёлета на фестываль пастаноўку “Калодзеж”. І невыпадкова. Чалавеку трэба дапамагчы нагадаць, адкуль ён родам, - гавораць акцёры. І ў захапленні ад беларусаў, якія захавалі вёску.
22 прэм’еры за тыдзень фестывалю - монаспектаклі, сіткомы, зонг-оперы, камедыі і драмы, якія сабралі ў Еўропе нямала прэмій і прэстыжных узнагарод. Напрыклад, псіхалагічны трылер паводле п’есы Жардзі Галсерана. Сцэна і зала ператвараюцца ў фокус-пакой, дзе чатыры героі праходзяць іспыты на атрыманне прэстыжнага месца ў офісе. У выкананні акцёраў Гомельскага маладзёжнага тэатра. Раней яму апладзіравалі ў Францыі, Польшчы, Расіі.
M.@rt.контакт не змяніў і сёлета свайго прызначэння - знаёміць гледача з сусветнымі тэатральнымі тэндэнцыямі на рускай, літоўскай, украінскай і польскай мовах. З перакладам і без. І не толькі на сцэнах магілёўскіх тэатраў, але і ў музеях.
Чуллівыя гісторыі. Напрыклад, пра лёс чалавека. У выкананні тэатра “Ланжэрон” з Харкава. Монаспектакль пад акардыён.
Па 2-3 спектаклі на дзень, прэс-канферэнцыі, майстар-класы па акцёрскім майстэрстве, абмеркаванні пастановак з удзелам крытыкаў, у майстэрні маладой рэжысуры прапануюць эскізы будучых спектакляў. Праграма фестывалю сапраўды насычаная.
У выхадныя M.@rt.контакт прапанаваў гледачам сапраўдны марафон - адразу 9 спектакляў. Гэта - і сучасны балет з Масквы, і клаунада з Вільнюса. Завершыцца фестываль толькі ў аўторак. Апошні акорд прагучыць ад італьянскага рэжысёра Матэа Сп’яцці ў выкананні Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.













