Міжнародны фестываль Навагрудскі замак - 2013

5 сентября 2013

Сярэднявечным каларытам у гэтыя дні пачынае насычацца навагрудская зямля. Заўтра ў горадзе стартуе міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры Навагрудскі замак - 2013. Ніякай тэатралізаванасці - толькі поўная гістарычная дакладнасць і рэалістычнасць, упэўніваюць арганізатары. Сапраўдныя баі на мячах, дзідах і алебардах, конныя турніры, выступленні лучнікаў, майстар-класы ад рамеснікаў і танцораў чакаюць наведвальнікаў. Паклапаціліся і аб камфорце турыстаў: гасцініцы горада гатовыя прыняць людзей на начлег, усе ўстановы грамадскага харчавання будуць адчыненыя з самай раніцы, арганізаваны выязны гандаль. Антаніна Станкевіч назірала за апошнімі падрыхтоўкамі.


Генеральная рэпетыцыя не на сцэне, а ля старажытных сцен Навагрудскага замка. І ўсё гэта - не з жадання ўразіць нашу здымачную групу, хоць і гэта калектыву Свіцязянка атрымалася цалкам. Простыя, але чароўныя рухі навагрудскага мазура і без таго здаюцца вывастранымі да дробязяў, але танцоры працягваюць рэпеціраваць ізноў і зноў - бо мяжы дасканаласці няма.


Аднадумцы, сябры і… браты-двайняты Сяргей і Аляксандр пасля вучобы ў Гродне вярнуліся ў родны горад з ідэяй стварыць свой танцавальны калектыў. Навамодным кірункам - хіп-хопу, стрыт-джазу і іншым - аддалі перавагу сярэднявечным аўтэнтычным і народным танцы. Аднадумцы, яны ж танцоры, знайшліся даволі хутка сярод калегаў, сяброў і знаёмых: гэта і настаўнікі, і працаўнікі культуры, і нават прадпрымальнікі.


На працягу выхадных танцорам прыйдзецца ўжыцца ў вобраз і не расставацца з ім да панядзелка, да самага закрыцця фестывалю сярэднявечнай культуры Навагрудскі замак - 2013.


Апошнім часам у нашай краіне праводзіцца нямала сярэднявечных фэстаў, але менавіта навагрудскія - адзначаюць шматлікія - вылучаюцца асаблівым каларытам. Менавіта гэты невялікі райцэнтр у Гродзенскай вобласці быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, тут каранаваўся вялікі князь Міндоўг. У найбліжэйшыя выхадныя гаспадарамі на замкавай гары стануць сапраўдныя конныя рыцары, а настрой будуць ствараць менестрэлі, трубадуры, рамеснікі і танцоры.


Аднак самымі відовішчнымі абяцаюць стаць баі на розных відах зброі. Рыцарам у даспехах аддадуць на водкуп цэнтральную плошчу горада. Самым відовішчным мерапрыемствам стане вячэрні бугурт - або масавыя бітвы.


Галоўная асаблівасць навагрудскіх фэстаў - рэальная рэканструкцыя якой-небудзь значнай падзеі з гісторыі горада. У мінулыя гады воіны ВКЛ мужна адбівалі нашэсце крыжакоў ля падножжа замкавай гары. А сёлета гледачам пакажуць адзін з самых урачыстых момантаў з гісторыі Навагрудка.


Апроч відовішчаў, арганізатары паклапаціліся і аб надзённых пытаннях. Хлеб забяспечаць не толькі гарадскія кафэ і рэстараны, якія з заўтрашняга дня будуць працаваць ужо з дзевяці раніцы, але і выязны гандаль. Гасцініцы горада гатовыя прыняць турыстаў з іншых гарадоў і замежжа. Ну а для экстрэмалаў - аматараў сярэднявечнага каларыту - разаб'юць палатачны лагер.