Міжнародны фестываль "Лістапад" сёння ўрачыста стартуе ў Мінску

6 ноября 2015
Міжнародны фестываль "Лістапад" літаральна праз некалькі гадзін урачыста стартуе ў Мінску. З адкрыццём удзельнікаў і гасцей форуму павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Да свята ўсё гатова: праграма з 180 фільмаў, міжнароднае прадстаўніцтва з 60 краін, упрыгожаныя сімволікай вуліцы і 5 кінатэатраў. Традыцыі, якія захаваліся, разам з тым нечаканыя рашэнні - вось формула 22-га "Лістапада". Аб тым, што чакае прыхільнікаў, прама сёння рэпартаж Наталлі Бардзілоўскай.

Летась здалося, што “Лістапад” па прычыне ці нестабільнага мясцовага надвор’я, ці, каб не паўтараць іншыя фестывалі, адмовіўся ад чырвонай дывановай дарожкі. Але верх прэстыжу і славы – праходжанне па Red carpet – на сёлетнім, 22-ім, міжнародным кінафестывалі адродзіцца - хай і ўмоўна, хай і алегарычна. Крыху часу, і ганаровыя госці трапяць у так званую фотазону кінатэатра “Масква”, а там – чырвоная дывановая дарожка і спецыяльны банер, на фоне якога зоркі змогуць увекавечыць сябе ў гісторыі “Лістапада”.

І самая сусветна пазнавальная асоба, першая, каго тут чакаюць, пастаянная наведвальніца чырвоных дарожак, уладальніца шматлікіх кінапрэмій, спецыяльная госця “Лістапада” - францужанка Фані Ардан. З учарашняга вечара яна ўжо ў Мінску. На цырымоніі прысутнічае і Вадзім Абдрашытаў - культавы рэжысёр сёлета ўзначаліць журы асноўнага конкурсу ігравога кіно. У ВІПах – і ўладальнік прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі як лепшы акцёр, ісландзец Інгвар Сігюрдсан.

Сама цырымонія – з сімвалічным разбіваннем талеркі з аўтографамі ўдзельнікаў аб штатыў кінакамеры. І “маленькая Францыя ў Мінску” - кінапаказам афіцыйнага адкрыцця стане сусветная прэм’ера рэжысёра Гіёма Ніклу “Даліна кахання” – на экране Жэрар Дзепардзье і Ізабель Юпер. Стужка, якую яшчэ ў маі глядзелі фестывальныя Каны, сёння ў нас.

Зрэшты, на самым старце “Лістапада” – узнагарода. На сцэне адкрыцця кінафоруму будзе ўручаны Спецыяльны прыз Прэзідэнта “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”. Імя сёлетняга ўладальніка пакуль захоўваецца ў таямніцы.