Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 18 ліпеня

3 мая 2016

Сёння ў сталіцы рассакрэцілі праграму юбілейнага XXV фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Міжнародны форум пройдзе з 14 па 18 ліпеня. У Віцебск з'едуцца прадстаўнікі з сарака краін. Упершыню фестываль прыме ўдзельнікаў з Кітая, Калумбіі і Аргенціны.

Што да тэматычнай дамінанты свята, то сёлета мерапрыемствы "Славянскага базару" (ад конкурсаў маладых выканаўцаў эстраднай песні да вулічных выстаў-кірмашоў) будуць звязаныя трыма важнымі датамі - юбілеем самога фестывалю; Годам культуры і 75-годдзем з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Старт святу мастацтваў дасць відовішчны парад зорак - удзельнікаў "Славянскага базару". Усяго ў праграме каля ста мерапрыемстваў, якія ахопяць без перабольшання ўвесь горад: канцэрты, тэатральныя сустрэчы, начныя шоу-праграмы, арт-прэзентацыі, горад майстроў.

Ірына Дрыга, першы намеснік міністра культуры Беларусі:

"Яшчэ адной адметнасцю фестывалю стане правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных Уладзіміру Мулявіну. Юбілейны год, і з імем Мулявіна "Славянскі базар" звязаны таксама - зорка Мулявіна і "Пясняроў" закладзеная на Плошчы зорак. Акрамя таго што песні Мулявіна будуць гучаць на конкурсе, будзе паказаны спектакль "Пясняр" тэатра імя Горкага, які зараз гастралюе па Беларусі, а падчас фестывалю будзе ў Віцебску. Таксама выступіць аркестр імя Жыновіча з тэматычнай беларускай праграмай".

Па традыцыі, цэнтральнай падзеяй "Славянскага базару ў Віцебску" стануць конкурсы: дзіцячы і маладых выканаўцаў эстраднай песні, у якім возьмуць удзел артысты з 28-мі краін. Старшынёй журы дзіцячага конкурсу стане мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віктар Бабарыкін. А вось ацэньваць маладых выканаўцаў эстраднай песні будзе журы на чале з народным артыстам Расіі і лаўрэатам спецузнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і паразумення" Валерыем Лявонцьевым.