Міжнародны фэст этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" адзначае юбілей

22 сентября 2018

Пяты раз гасцей свята сустракае аграгарадок Ляскавічы Гомельскай вобласці. Прывітанне арганізатарам і ўдзельнікам фэсту накіраваў Прэзідэнт. За гэты час этнафэст стаў культурным брэндам Палесся і пляцоўкай адраджэння ўнікальных беларускіх традыцый. Як яны ажываюць, убачыла Ганна Кавалёва.

Звычайная беларуская глыбінка на адзін день стала пляцоўкай міжнароднага ўзроўню. Больш за тысячу семсот артыстаў і амаль 20 тысяч гледачоў з розных краін прыязджаюць сюды, каб убачыць ажыўшыя традыцыі самабытнага Палесся.

Першай сустракае вось такая вуліца. Па сутнасці, гэта Палессе ў міні-маштабе, дзе кожны падворак - вобраз рэальна існуючай вёскі. Цягнецца вуліца амаль на 2 кіламетры. Убачыць яе тут можна толькі раз на два гады, і толькі падчас фестывалю.

У кожным двары сустракаюць песнямі, танцамі і стравамі - меню і рэпертуар адлюстроўвае традыцыі той ці іншай мясцовасці. Каб сабраць іх, прыцягвалі этнографаў і носьбітаў фальклору.

Побач з самабытнымі падворкамі і горадам майстроў выставы, гістарычныя рэканструкцыі, традыцыйныя народныя гульні, свята бытавога танца і спектаклі беларускага народнага тэатра “Батлейка”. Галоўнае месца - вялікая сцэна. Аднымі з першых на яе выйшлі "Ганаровыя палешукі". Такое званне з адпаведнай статуэткай прысуджаюць тым, хто ўнёс значны ўклад у развіццё Палескага рэгіёна. Традыцыя з'явілася ў 2014-м. З тых часоў звання ўдастоіліся 7 чалавек. Сёлета палескі "оскар" разам з тытулам атрымалі яшчэ двое: кіраўнік заслужанага народнага ансамбля "Выцінанка" Пётр Астапчук і алімпійскі чэмпіён, чэмпіён свету, заслужаны майстар спорту Беларусі, байдарачнік Раман Петрушэнка.

Фестывальную эстафету прынялі аўтэнтычныя фальклорныя ансамблі з 11 раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Сярод сёлетніх пачаткоўцаў - артысты з Польшчы, Індыі і Кітая. Сярод пастаянных удзельнікаў - Расія і Украіна.

Дарэчы, упершыню фестываль прайшоў у 2010 годзе. Тады толькі як нацыянальны. Сёння - ужо як міжнародны. Кожны новы этнафэст адрозніваецца ад папярэдняга. Сёлета дэбютавала каля паловы пляцовак і мерапрыемстваў праграмы. За гады існавання фестываль стаў не проста брэндам Палескага рэгіёна, але і цэнтрам адраджэння ўнікальнай беларускай культуры.