Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць сёння ва ўсім свеце

21 февраля 2015

Ён быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года. Літаратурны музей імя Янкі Купалы стаў пляцоўкай для чытачоў-дыпламатаў з 22 краін свету. Усе яны цытавалі нацыянальных паэтаў на родных мовах.

Вечар родных моў распачалі цымбалы. Беларускі нацыянальны інструмент уводзіў дыпламатаў у атмасферу фолк-стылю. Прадстаўнікі 22 краін свету і адразу два госці статусу VIP.

Пакуль беларускі міністр замежных спраў чакаў свайго калегу з Латвіі, дырэктар музея правяла міні-экскурсію. Для гэтага спатрэбілася толькі падысці да экрана ў фае. Разумная сістэма з камерай робіць нават фота – ганаровы госць і дырэктар сфатаграфаваліся на віртуальны дыплом.

Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: “У свеце столькі многа моў, але ўсіх нас яднае адно – у кожнага чалавека ёсць свая родная мова, і, каб падкрэсліць міжнародны характар гэтага свята і нашай акцыі, мы вырашылі запрашаць сюды прадстаўнікоў дыпламатычных місій”.

Вечар родных моў распачаў беларускі міністр. Уладзімір Макей чытаў радкі Купалы з твора “Бацькаўшчына”.

Кітайская, арабская, турэцкая, нават партугальская мовы. Здаецца, звыклыя да публічных выступленняў чытачы-міжнароднікі сёння асабліва хваляваліся.

Дарэчы, саветнік пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран працытаваў Купалу на роднай для сябе мове. Верш песняра “А хто там ідзе?” перакладаўся на 85 моў, гэтая спроба 86-я.

Бэ Сон Кён, другі сакратар пасольства Рэспублікі Карэя ў Беларусі: “Я ўжо слова "дзякуй" ведаю. Тэатр і музей Янкі Купалы  вядомыя не толькі вам, але і іншаземцам".

Не проста традыцыя, але папулярны ў наш час ход – такія чытанні ўводзяць у моду радкі класікаў. Дарэчы, папулярызоўваць родную мову трэба. Пра гэта гавораць нават факты: паводле звестак ЮНЕСКА, палова з 6 000 існуючых моў пад пагрозай знікнення.

У небяспечны спіс трапілі мовы этнасаў з Харватыі, Балгарыі, Італіі, Грэцыі, Германіі, Фінляндыі. З апошняй у Купалы былі асаблівыя адносіны – верш “Над Іматрай” нарадзіўся пасля падарожжа туды ў 1910.

Лаўры Пулола, кіраўнік аддзялення пасольства Фінляндыі ў Беларусі: “Безумоўна, літаратура – гэта важная захавальніца мовы. Асабіста я люблю чытаць, а таксама чытаю творы фінскіх пісьменнікаў сваім дзецям. Але не толькі праз кнігі мы захоўваем мову, яшчэ і праз музыку, таксама праз кіно”.

Пасля моўнай прэзентацыі кожны з чытальнікаў атрымаў аўтабіяграфічны альманах твораў Купалы. Сучаснае выданне ў альбомным фармаце распавядае пра жыццё  песняра.