Міжнародны дзень музеяў Беларусь разам з усім светам адзначае ўначы

18 мая 2013
У рамках гэтай упадабанай беларусамі акцыі сёння практычна ўсе музеі краіны адчыняюць дзверы для наведвальнікаў у цёмны час сутак. Некаторыя, праўда, пачалі свае праграмы яшчэ з раніцы, іншыя стартуюць толькі ўвечары. Нашаму культурнаму аглядальніку Ларысе Гулякевіч складана было аддаць перавагу якому-небудзь аднаму храму мастацтва, і ўсё ж яна спыніла свой выбар на Нацыянальным мастацкім.

Расказвае Ларыса Гулякевіч.
Практычна ўсе музеі краіны, не саступаючы адзін аднаму, падрыхтавалі праграмы, звязаныя з тэматыкай свайго музея. Выставы, канцэрты, інтэрактыўныя гульні, кулінарыя, перфомансы. Міжнароднае свята Ноч музеяў беларусы чакаюць з нецярпеннем, а госці сталіцы спецыяльна прыязджаюць у гэты дзень пазнаёміцца з нашымі нацыянальнымі і гістарычнымі каранямі.
Так у Нацыянальным мастацкім музеі сёння Беларуская ноч, або Музей у фантастычных аповедах. Галоўны музей краіны ператварыўся ў гасцінны і таямнічы дом шляхціча Завальні, які, як вядома, не толькі быў выдатным апавядальнікам самых неверагодных гісторый, але і вялікім аматарам іх паслухаць.
Дарэчы, у ролі шляхціча Завальні выступае сам дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў.
Музейных навінак сёння шмат. Экспазыцыі спланаваныя такім чынам, што нават у самых маладых узнікае цікавасць да нацыянальнага мастацтва і яго гісторыі. Ва ўладальнікаў смартфонаў ёсць магчымасць побач з карцінай даведацца усю інфармацыю пра мастака гэтага перыяду. Ёсць тут і сапраўдная шокавая тэрапія.
Гэтыя сучасныя працы тут толькі на адну ноч - Ноч музеяў. Хто ведае, можа, у хуткім часе яны зоймуць тут свой час надоўга. А яшчэ тут па-сапраўднаму ажываюць карціны ў фармаце 3D. Самае галоўнае чакае наведвальнікаў за гадзіну да поўначы, калі будуць прапанаваныя наватарскія мультымедыйныя праекты. А пакуль на вуліцы гуляюць і забаўляюць народ беларускія музычныя групы, новыя сучасныя выставы, а таксама кіраўнікі і магнаты Вялікага Княства Літоўскага з экспанатаў украінскіх музеяў Львова і Луцка. Ноч музеяў толькі пачынаецца…