Міжнародная выстава лялек у Мінску

28 марта 2016

Больш за 6 тысяч лялек з 20 краін сабрала міжнародная выстава ў Мінску. Акрамя аўтарскіх работ прайшлі паказы дызайнерскага адзення, галаўных убораў і біжутэрыі. Упершыню адбыўся фестываль майстроў валення «Залатое руно». А для школьнікаў арганізатары правялі серыю майстар-класаў па выяўленчым мастацтве і ўпрыгожванні цацак.

Яна Гусейнава, майстар: "Я майстар-тэдзіст, раблю мішак «Тэдзі». Мяне запрасілі на гэту выставу тры гады таму. У гэтым годзе я трапіла самастойна. Я ведала, что гэта выстава будзе адбывацца зноў, з задавальненнем вырашыла прымаць удзел".

Надзея Цыганоўская, арганізатар выставы: "Мы робім тры дні свята. Мне трэба, каб людзі, якія прыйшлі сюды, убачылі, што гэта насамрэч свята душы, свята дзяцінства. Наша "Панна Doll`я" ездзіць па Беларусі. Адразу як заканчваецца вялікая выстава, мы выязджаем у Гомель".

Сёлетняя выстава адметна яшчэ і акцыяй для Беларускага дзіцячага хоспіса «Падары надзею». Сродкі ад продажу лялек пойдуць на дапамогу хворым дзецям.