Металічны барэльеф Адама Міцкевіча выратавалі ад знішчэння

7 февраля 2020
Профіль маладога Адама выкананы з дзюралевага алюмінію - гэта група высокатрывалых сплаваў з дабаўленнямі медзі, магнія і марганца на аснове алюмінію. Пакуль адзінае, што высветлілі спецыялісты,  гэта матэрыял знаходкі. Калі, дзе і кім яна была выраблена - невядома. Хутчэй за ўсё - пачатак 20-га стагоддзя. 

Больш за 50 гадоў барэльеф знаходзіўся на гарышчы прыватнага дома. Ён быў у вельмі занядбаным стане, сколаты. Людзі не ведалі вартасці прадмета і мусілі здаць яго на металалом.

У брудным металічным кавалку цудам распазналі гістарычную каштоўнасць. Выратавалі ад пераплаўкі маладыя хлопцы. Было гэта яшчэ ў дзевяностыя гады. І амаль два дзесяцігоддзі захоўвалі. 

Рарытэт усталявалі на будынку, дзе вучыўся Адам Міцкевіч 


Памятны знак усталявалі на былой дамініканскай гімназіі, дзе амаль 8 гадоў вучыўся Міцкевіч. Разам з ім першыя веды атрымліваў і Ян Чачот. Заняткі пачыналіся з ціхай імшы ў касцёле Святога Міхаіла. 

Ксёндз Юрый Жыгарын, настаяцель парафіі Святога Міхаіла Архангела ў г. Навагрудку: "Кожны дзень з раніцы - а палове сёмай - Адам, Ян Чачот з іншымі вучнямі прыходзілі сюды, у гэтае месца. Звычайна, паводле некаторых крыніц, Адам сядзеў пад вобразам Святой Тэрэзы Авільскай. Вось гэты вобраз. Мы бачым яго гістарычным. Вось дзесьці ў гэтым месцы".

Тут паэт навучаўся арыфметыцы, граматыцы, духоўным практыкаванням, а таксама спасцігаў навуку напісання літаратурных твораў і крытыкі на падставе паэзіі Цыцэрона. Гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе Міцкевіч правёў больш за ўсё часу. 

Наталля Жышко, галоўны спецыяліст аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама: "Хаця ён хрысціўся не ў касцёле Святога Міхаіла, але ў гэтым месцы ён сфарміраваўся як асоба. Таму што дзе б ні быў Міцкевіч, куды б ён не ездзіў, ён заўсёды казаў, асабліва ў апошнія гады свайго жыцця, нават у Стамбуле, ён казаў, што вуліцы старога Стамбула вельмі падобныя на вуліцы Наваградка. Гэта значыць, што ён думаў пра Навагрудак увесь час".

Касцёл Святога Міхаіла ўключаны ў турыстычны маршрут "Шляхамі Адама Міцкевіча"

Зараз касцёл Святога Міхаіла, да якога прымыкае будынак былой дамініканскай гімназіі, стаў адным з пунктаў турыстычнага маршруту "Шляхамі Адама Міцкевіча". Ён уключае каля дзесяці аб'ектаў Навагрудка і раёна, якія звязаны з імем паэта эпохі рамантызму.