Менш за суткі застаецца да народнага шоу талентаў "Я магу!"

30 января 2015

Менш за суткі застаецца да галоўнай тэлепрэм'еры сезона - народнага шоу талентаў "Я магу!". Ужо заўтра ў 19:15 "Беларусь 1" пакажа паўфінальны канцэрт, у якім выступіць першая дзясятка ўдзельнікаў праекта. У першым паўфінале выступяць прадстаўнікі як абласных, так і малых гарадоў Беларусі. І… важны момант! Галасаваць за землякоў можна будзе пакуль ідзе "Панарама". Аб старце тэлефоннага галасавання мы аб’явім вам у прамым эфіры. Ну, а пакуль - самыя яркія кадры першага шоу.

Рэпартаж Ніны Мажэйкі. Беспрэцэдэнтнае шоу, якое не мае аналагаў у Беларусі. Народныя таленты шукалі па ўсёй краіне. Праект у прамым сэнсе без межаў - узрост удзельнікаў ад 3 да 83. Самародкі стаялі на галаве, глыналі шпагі, але ў паўфіналы прайшлі толькі 120 нумароў самых розных жанраў. Удзельнікаў расфарміравалі па дзясятках і далі парадкавыя нумары - у такой паслядоўнасці яны выступяць у тэлеэфіры.

Бетховена міксуе з Зацэпіным. Дзеля трох хвілін тэлеэфіру музыкант па адукацыі развучваў гамы зноў. Куфлі як музычны інструмент не пазіцыянуе ніводная навучальная ўстанова, таму падбіраць мелодыі савецкіх кінахітоў даводзілася самому, уручную і на слых.

У першым паўфінале пазмагаюцца сапраўдныя Моцарты сяла. Так удзельнік з сапраўдным народным прозвішчам Сівуха ў сталіцу прыехаў з вёскі Ровенская Слабада Гомельскай вобласці. Спецыяльна для шоу змайстраваў дудку з лыжнай палкі і шланга ў форме літары Я.

На запісы шоу нумар патэнцыйнага фіналіста праходзіць своеасаблівы тэст. Гледачы, якія прысутнічаюць у студыі, ужо падчас нумара даюць ацэнку выступленню. Іх рэакцыя можа карэнным чынам адбіцца на галасаванні тэлеаўдыторыі.

Двух фіналістаў па выніках кожнага з 12 канцэртаў выбера журы і тэлегледачы. Адразу трое суддзяў: пастаянныя тэлевядучая Святлана Бароўская і драматург Аляксей Дудараў, а таксама запрошаная на праект медыяперсона ацэньваюць удзельнікаў па 5-бальнай шкале. Прычым вышэйшы бал дамовіліся ставіць толькі аднаму канкурсанту.

Аб старце тэлефоннага галасавання аб’явіць вядучы "Панарамы". На працягу 30 хвілін тэлегледачы змогуць аддаваць свае галасы шляхам званка або смс. За вынікамі ў рэжыме рэальнага часу можна будзе сачыць на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.

Гэты белы пазадарожнік гарадскога тыпу - практычна двайнік таго аўтамабіля, на якім пераможца шоу паедзе пасля фіналу. Модны колер - не галоўная яго перавага. Машына прэстыжнага класа ад брэнда, які зрабіў сабе імя ў Беларусі, павышанай праходнасці. Не толькі перасоўвацца па горадзе і за яго межамі, але і падарожнічаць на такім красоверы можна ўсёй сям'ёй.