Менш за месяц застаецца да завяршэння рэканструкцыі "Беларусьфільма"

11 октября 2017

На дадзены момант Нацыянальная кінастудыя гатовая на 97 %. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар, які асабіста правёў экскурсію прадстаўнікам СМІ. 5 высокааснашчаных павільёнаў, пляцоўка для натурных здымак, экспазіцыя рэтрааўтамабіляў, што праехалі не адзін фільм. Рэканструкцыя, якая стартавала ў 2009 годзе, на завяршальнай стадыі. Зараз праходзяць касметычныя работы і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Згодна з план-праектам, "Беларусьфільм" не саступае замежным канкурэнтам. Для стварэння якаснага кінематографа студыя ўжо абсталявана перадавымі тэхналогіямі. Папулярны ў кінаіндустрыі храмакей для стварэння камп'ютарных спецэфектаў, залы колеракарэкцыі, камеры максімальнай дакладнасці і прафесійныя гуказапісвальныя студыі.

Пасля адкрыцця кінастудыі рэгулярнымі стануць экскурсіі для ўсіх, хто пажадае. На спецыяльным маршруце можна будзе ўбачыць галерэю легендарных вобразаў з "Прыгод Бураціна", "Пра Чырвоную Шапачку", "Дзікага палявання караля Стаха". Касцюмерны, бутафорскі, абутковы і нават капялюшны цэхі размешчаны на больш як 5 з паловай тысячах квадратных метраў.