Менш як месяц застаецца да фіналу нацыянальнага адбору на Еўрабачанне

13 декабря 2013

Так супала, што сёння ў сценах Белтэлерадыёкампаніі сабраліся лепшыя выканаўцы краіны. Менш як месяц застаецца да фіналу нацыянальнага адбору на Еўрабачанне. 10 студзеня гледачы і прафесійнае журы выберуць голас Беларусі. Гэта настолькі рэзанансны праект, што нават рабочыя моманты выклікаюць нязменную цікавасць. Сёння фіналісты нацыянальнага адбору сустрэліся з рэжысёрамі шоу.



Наш карэспандэнт Іна Пілевіч далучылася да абмеркавання і даведалася, з якой пляцоўкі будзе весціся прамая трансляцыя выніковага канцэрта. Фінал нацыянальнага адбору на Еўрабачанне адбудзецца ў студыі 600-т метраў Белтэлерадыёкампаніі. Тут, на Макаёнка 9, ужо 6 студзеня пачнецца ўстаноўка сцэны і неабходнага тэлевізійнага абсталявання. Пад прыцэлам дзясяткаў камер 14 прэтэндэнтаў пазмагаюцца за права прадставіць нашу краіну на конкурсе ў Капенгагене.


Шоу толькі ў прамым эфіры, а гук - выключна жывы. Такія правілы міжнароднага конкурсу. Таму выніковы, а для кагосьці і стартавы канцэрт павінен быць прадуманы і адрэпеціраваны да дробязяў. Сёння ў канферэнц-зале Белтэлерадыёкампаніі фіналісты сустрэліся з рэжысёрамі тэлешоу і выказалі свае пажаданні, азнаёміліся з магчымасцямі пляцоўкі.


Ад грувасткіх дэкарацый прыйдзецца адмовіцца - на выхад на сцэну ёсць усяго 30 секунд. Таксама па ўмовах Еўрабачання на тэлепадмостках павінны знаходзіцца не больш за 6 чалавек. Прамую трансляцыю будуць весці тэлеканалы Беларусь 1, а таксама спадарожнікавы Беларусь 24.


8 студзеня пройдзе жараб'ёўка ўдзельнікаў і пачнуцца 3-дзённыя рэпетыцыі нон-стоп. Навіна шоу гэтага года - кожны музычны суддзя аб'явіць свае балы перад камерай.