Мемарыяльную дошку Івану Шамякіну адкрылі ў вёсцы Карма

9 февраля 2016

Мемарыяльную дошку народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну адкрылі на яго малой радзіме - у вёсцы Карма Добрушскага раёна. Блізкасць да зямлі, да простых рэчаў знайшла адлюстраванне ў творчасці Шамякіна. Мемарыяльную дошку ў гонар 95-годдзя знакамітага земляка ўсталявалі на будынку Кармянскай сельскай бібліятэкі. Яна, дарэчы, носіць імя Івана Шамякіна. Удзельнікі ўрачыстай цырымоніі ўсклалі кветкі да бюста пісьменніка. А таксама наведалі бібліятэку і мясцовы Дом культуры.

Барыс Святлоў, Міністр культуры Беларусі: "І тое, што прыпала да яго як раз на добрушскую зямлю, гэта як раз яго стаўленне, як грамадзяніна, як чалавека, гэта ён пранёс праз усё сваё жыцце, праз усю творчасць. Я лічу, што ён безумоўна звязаны і з гэтым краем і з Гомельшчынай. Ну і тое, што ён рабіў для Беларусі - гэта яго вялікі ўнёсак у нашу культуру".

Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: "Безумоўна, асоба Шамякіна - яна выключная. На ёй выхавана не адно пакаленне, прычым са школьных падручнікаў. Мне асабіста пашчасціла быць знаёмым, ён мне падпісаў кнігу сваю, якую я перадаў у Добрушскі краязнаўчы музей".

Мерапрыемствы ў гонар 95-годдзя Івана Шамякіна прайшлі і ў Добрушы. Тут адбыўся вечар памяці пісьменніка, а таксама выставы жывапісу з фонду Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі з працамі пляменніка беларускага класіка - Міхаіла Калініна.