Мемарыяльную дошку Барысу Аракчэеву адкрылі ў Мінску

18 ноября 2014

Дошку патрыярху беларускай школы жывапісу Барысу Аракчэеву адкрылі сёння ў Мінску. Бронзавы барэльеф з'явіўся на доме №2 па вуліцы Леніна, дзе доўгі час працаваў мастак. Вокны майстэрні выходзілі на Свята-Духаў кафедральны сабор. Саборная плошча - на многіх палотнах жывапісца.


Алена Борматава - пра майстра і яго спадчыну. У прафесійнае мастацтва ён прыйшоў у тым узросце, калі іншыя ўжо заканчваюць інстытуты. Карэктывы ў адукацыйны працэс унесла вайна. Франтавік, ён і пасля Вялікай Айчыннай заставаўся на ваеннай службе - займаўся капіраваннем сакрэтных карт. Толькі пасля дэмабілізацыі ў 24 гады паступае ў Мінскае мастацкае вучылішча.


Мастацкае вучылішча ён заканчвае экстэрнам. За год - тры курсы. Затым - тэатральна-мастацкі інстытут. Гэты знакаміты першы выпуск 1959 сёння - гісторыя беларускага мастацтва: Шчамялёў, Грамыка, Кашкурэвіч. Ды і педагогі Цвірка, Волкаў - той самы, што стаў аўтарам беларускага герба.


Пасля мастак і сам стаў выкладчыкам. За 20 гадоў дацэнт Аракчэеў выпусціў сотні мастакоў. Сярод іх і беларускі майстар мадон Кузьміч.


А вось жывапісная дыпломная работа Аракчэева знікла. Ад недахопу матэрыялаў яна стала палатном для іншых студэнтаў. Пасля смерці мастака дачка адшукала ў майстэрні архітэктурныя работы бацькі. Зараз ёсць ідэя зрабіць выставу невядомага Аракчэева.


Апошняя, незавершаная работа Барыса Аракчэева - Карніца, прысвячэнне мястэчку Чарэя, што на Віцебшчыне, былым уладанням Сапегаў. Мастак вельмі часта там бываў. Дарэчы, працаваць над ім творча пачаў яшчэ ў бальніцы: рабіў замалёўкі, займаўся кампанаваннем. У майстэрні стаў пераносіць сваю папярэднюю працу на палатно, але не паспеў.


Аўтапартрэт стаў асновай для стварэння мемарыяльнай дошкі. У бронзе адлілі работу самога Аракчэева. Гэта вельмі рэдкі выпадак, калі для барэльефа бяруць аўтапартрэт мастака. Архітэктарам устаноўкі мемарыяльнай дошкі стаў Юрый Градаў - адзін з аўтараў Хатыні.