Майстэрню выкладчыка па тэкстылі Хрысціны Высоцкай наведала Ларыса Гулякевіч

11 июня 2020
Сёлета Беларускай акадэміі мастацтваў - 75 гадоў. Творчыя прафесіі тут выкладаюць як славутыя мэтры, так і маладыя педагогі - пераможцы і ўдзельнікі міжнародных фестываляў і конкурсаў. Сярод іх - выкладчык па тэкстылі Хрысціна Высоцкая. Яе майстэрню наведала Ларыса Гулякевіч і ўбачыла, як нараджаюцца тэкстыльныя скульптуры.

Маштабная работа - вялікая тэкстыльная скульптура для міжнароднай выставы амаль гатова 

Засталося завяршыць палатно і зрабіць каркас. Малады майстар па тэкстылі Хрысціна Высоцкая у сваіх эксперыментальных работах раскрывае такія тэмы, як стварэнне свету, мацярынства, каханне і шмат іншых. 
Хрысціна Высоцкая - прызёр і актыўны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Сярод іх - перамога ў трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мінулага года. Так, работа "Стварэнне Адама" трапіла ў шорт-ліст Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва. 

Зараз чатыры абстрактныя кампазіцыі Хрысціны ўпрыгожваюць міжнародную выставу "Тэкстыльны букет" у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

Былая студэнтка і аспірантка Акадэміі мастацтваў засталася выкладаць у роднай альма-матар. Яе студэнты факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прызнаюцца, што сваімі наватарскімі заданнямі  малады выкладчык натхняе іх на стварэнне крэатыўных работ у галіне тэкстылю. 
Наперадзе выпускныя экзамены ў Акадэміі, абарона дыпломных прац, дзе вязанне з латуні, тэкстыльныя аб'ёмныя кампазіцыі, дываны, габелены і іншыя работы аб'ядноўваюць беларускія традыцыі і наватарства.