Майстар з Нясвіжа асвойвае розныя кірункі і тэхнікі мастацкай творчасці

22 апреля 2020
Ператварыць хобі ў бізнес. Святлана Несцяркова з Нясвіжскага раёна - рамеснік ў трэцім пакаленні. Яе бабуля вышывала і вязала, дзядуля  быў кавалём, а маці віртуозна валодае пэндзлем.
Гераіня нашага сюжэта не проста пераняла ўсе навыкі, але і памножыла іх. Зараз у руках майстра любы матэрыял набывае мастацкую форму. З рукадзельніцай пазнаёмілася Алена Вітко.

Жывапісныя сюжэты акрылам, а яшчэ алеем і пастэллю Святлана Несцяркова стварае не адзін дзясятак гадоў. Малюе таксама тушшу і пяром. Пры гэтым майстар любіць сумяшчаць тэхнікі і эксперыментаваць. 

Святлана нарадзілася ў Петразаводску, таму карэльскія матывы займаюць асаблівае месца ў мастацкай творчасці. Побач і беларускія пейзажы. Жанчына часта прыязджала ў Нясвіжскі раён да бабулі з дзядулем. А 20 гадоў таму пераехала канчаткова. 

Усе карціны Святлана грунтуе самастойна, а таксама робіць палотны і рамкі

Майстар спрабуе сябе ў розных відах мастацтва. Напрыклад, нядаўна прыручыла гліну. Набыць спецыяльную муфельную печ для абпалу керамікі і пачаць бізнес дапамаглі ў службе занятасці.
Усяго толькі за год Святлана распрацавала ўласную калекцыю керамічных вырабаў. Фінляндыя, Германія, Італія, Кітай - у якасці сувеніраў яны разляцеліся па ўсім свеце.
У творчым партфоліа нясвіжскай рукадзельніцы - сувеніры з відамі палаца, беларускімі пейзажамі і народнымі арнаментамі. 

Работы майстара можна ўбачыць на розных кірмашах і фестывалях

Напрыклад, зараз невялікая калекцыя прапанавана ў раённым Доме культуры. Тут распісныя драўляныя шкатулкі, гліняныя талеркі і вазы.
У найбліжэйшы час Святлана Несцяркова хоча асвоіць тонкасці фарфоравага мастацтва і ствараць складаныя сервізы.