Майстар з Маладзечна стварае самабытныя льняныя лялькі

27 февраля 2020
Любоў да лялек з беларускага лёну на ўсё жыццё  ад майстра з Маладзечна  Алены Тарлецкай. Папялушкі, Сымон-музыка, Марыля і Пясняр. Зараз ужо немагчыма пералічыць усіх герояў, якіх стварыла жанчына за 35 гадоў творчай працы. Прычым  сваіх лялек яна стварае выключна з ільновалакна, натуральных тканін, стужак і саломы. Апошнім часам захапілася беларускімі касцюмамі. А яшчэ марыць пра маштабныя карціны з натуральнага матэрыялу. Творчыя дасягненні і планы маладзечанскага майстра – у сюжэце Наталлі Кезік. 

Льняныя лялькі з’явіліся ў жыцці Алены Тарлецкай 35 гадоў таму. Ствараць іх пачала адразу пасля школы на мясцовай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Зараз у Маладзечанскім раённым цэнтры рамёстваў сваю справу працягвае. Часам вось такая паўметровая лялька забірае не адзін тыдзень карпатлівай працы. А вось адзенне для сваіх гераінь Алена час ад часу стварае па кніжках. Такім чынам вывучае і ўзнаўляе беларускія народныя строі. Касцюмы і сукенкі ўпрыгожвае рознакаляровымі стужкамі, тасьмой і саламянымі ўзорамі.

Апошняя найбольш маштабная работа майстра – дрэва жыцця. Гэта своеасаблівы радавод сям’і Алены Тарлецкай. Кожная сям’я  тут асобная карціна з лёну. Усяго 14 міні-сюжэтаў. Прадзеды ля печкі, бабуля з пірагом, а тата з вудай і ўловам. На дрэве  больш за 40 лялек. Над кампазіцыяй працавалі калектывам, спатрэбілася амаль два тыдні. 

Зараз ужо немагчыма падлічыць колькасць льняных лялек, створаных Аленай Тарлецкай. У кожнай свой характар і касцюм, позірк і ўсмешка. Дарэчы, косы, вянкі і нават рысы твару – усё стварае рукамі. Штосьці атрымліваецца клеіць, а штосьці і маляваць. Гэтую тэхніку майстар пачала асвойваць зусім нядаўна. Акрамя лялек, у партфоліа майстра безліч вырабаў з натуральнага беларускага матэрыялу. Зараз актуальныя ў сезоне велікодныя яйкі. Да свят і кірмашоў таксама стварае дамавічкоў і анёлаў. Ёсць у запасе і безліч творчых ідэй. Адна з іх - асвоіць яшчэ і тэхніку стварэння аб’ёмных ільняных карцін.