Маштабная рэстаўрацыя пачалася ў Сафійскім саборы ў Полацку

20 июня 2017

Паралельна ідуць і складаныя рамонтныя работы. Улічваючы, што гэта помнік архітэктуры, працэс адказны і патрабуе высокага прафесіяналізму. Зараз завяршылася наладка ацяплення і вентыляцыйнай сістэмы. Ідзе падрыхтоўка пад афарбоўку фасада будынка. Марына Раманоўская працягне.

Маляр-тынкоўшчык Наталля Прыгун прызнаецца, што працаваць на гэтым аб’екце для яе вялікая адказнасць. Полацкая Сафія - помнік архітэктуры. Таму і падыход да рэстаўрацыі асаблівы. Майстры жартуюць: на вышыні некалькіх метраў адчуваюць сябе сапраўднымі ювелірамі.

Зараз спецыялісты рыхтуюць фасады пад афарбоўку: каб праца не прайшла дарэмна, са сцен абавязкова змываюць старыя пласты. Такі складаны рамонт з элементамі рэстаўрацыі патрабуе строгага выканання тэхналогій. Тут нават матэрыялы выкарыстоўваюць спецыяльныя - прызначаныя менавіта для помнікаў архітэктуры.

Цікава, што нават падчас рэстаўрацыі дзверы Сафійскага сабора адчынены для турыстаў: тут праходзяць экскурсіі і, як заўсёды, гучыць арган. Каб не перашкаджаць турыстычным групам, спецыялісты працуюць нават пасля заходу сонца.

Навядзенне знешняй прыгажосці - толькі частка працы. Шмат часу спатрэбілася, каб наладзіць сучасныя сістэмы вентыляцыі і ацяплення.

Змяняецца выгляд і Музея беларускага кнігадрукавання. Менавіта ён стане адной з асноўных пляцовак падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку сёлета.

Маштабныя рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы праходзяць і на іншых значных аб’ектах Полацка. На іх завяршэнне ў спецыялістаў некалькі месяцаў. Ужо ў верасні вынікі карпатлівай працы ацэняць госці нацыянальнага свята.