Маштабная праца ідзе над папаўненнем фондаў у музеі-запаведніку "Нясвіж"

8 августа 2016

Маштабная і карпатлівая праца ідзе над папаўненнем фондаў у музеі-запаведніку "Нясвіж". Задачы стаяць тут сапраўды глабальныя і фактычна сенсацыйныя. Згадзіцеся, запоўніць 30 палацавых залаў арыгінальнымі прадметамі эпохі Радзівілаў - задача не з лёгкіх. Пацвярджэннем гэтаму служыць і атрыманне прэстыжнай узнагароды Europa Nostra. Еўрапейскую культурную грамадскасць ашаламіла наведвальнасць музея - 400 тысяч чалавек за год. А пляцоўка аддалена ад сталіцы. У наведвальнікаў ёсць унікальная магчымасць даведацца пра гістарычныя таямніцы, убачыць багацце мінулых стагоддзяў і нацыянальнай спадчыны. Зараз у планах музейшчыкаў - адкрыццё новых пляцовак і праца па развіцці інфраструктуры цэлага рэгіёна. Алена Борматава пра амбіцыйныя праекты.

Турнікетная сістэма - сучасная неабходнасць для старажытнага палаца. Радзівілы ўзводзілі замак не як турыстычны аб'ект, а як звычайны жылы палац. Сямейнае гняздо. Таму ліміт на адначасовае наведванне архітэктурнага помніка існуе. Не больш за 400 чалавек. Перавышэнне колькасці турыстаў адмоўна ўплывае на тэмпературна-вільготны рэжым. Ды і час праходжання экскурсіі замацаваны графікам. Калі груп больш, чым дазваляе нарматыў, яны будуць перасякацца адна з адной, атрымаецца таўкатня. Але адзіночныя турысты могуць трапіць у радзівілаўскія пакоі ў любы момант. За 4 гады музей наведала больш за паўтара мільёна чалавек. За гэты час удалося амаль цалкам вярнуць дэпазітарныя рэчы і запоўніць залы арыгінальнымі прадметамі з фондаў музея. У копіях толькі некаторыя з мастацкіх твораў і папяровыя рэчы. Але гэта міжнародная практыка. Немагчыма ў арыгінале прадэманстраваць партрэты Радзівілаў работы Рэмбранта.

Зараз ідуць перамовы з амерыканскімі калегамі на атрыманне лічбавых копій карцін Рэмбранта для нясвіжскага палаца. Ідзе навукова-даследчая праца над набытымі шклянымі прадметамі. Ёсць версія, што яны выраблены на Налібоцкай мануфактуры.

Паўдаспех XVI стагоддзя ўсяго некалькі месяцаў таму папоўніў фонды музея, аднак можна з дакладнасцю сказаць, што артэфакт вярнуўся ў родныя сцены. Прадмет раней захоўваўся ў Нясвіжскім палацы, пакуль самі Радзівілы не прадалі яго, як частку арсенала, на аўкцыёне Christie’s у 20-х гадах мінулага стагоддзя.

Прадмет прайшоў праз рукі рэстаўратараў. Але каб выстаўляць гістарычную каштоўнасць, патрэбна спецыяльная вітрына з адмысловым клімат-кантролем. Музей праводзіць тэндар, як толькі абсталяванне набудуць, паўдаспех выставяць у залатой зале. Побач у кабінеце нумізматыкі з'явіцца партрэт Стэфана Баторыя. Жывапіснаму помніку трэба набыць раму. Сенсацыйная закупка. Некалькі гадоў музейшчыкі на адным з аўкцыёнаў адслежвалі радзівілаўскі спальны гарнітур. Сёння ён у залах музея. Частка - у рэстаўратараў. Дарэчы, некалькі гадоў у музея-запаведніка свая рэстаўрацыйная майстэрня.

Завяршаецца работа і па кансервацыі шпалеры другой паловы XVII стагоддзя. Тканы помнік раней рэстаўравалі з парушэннямі тэхналогіі, таму зараз шпалеру наносяць на дубліруючую аснову, а ў зале рыхтуюць новую падвесную сістэму.

Шпалера будзе выстаўлена ў зале прыватных калекцый. Дарэчы, нясвіжскі палац набыў вялікую калекцыю ў прыватніка са Слоніма. Хутка фонды папоўняцца і слуцкім поясам. А ў планах фонд прыватных калекцый зрабіць асобным музеем.