Марафон на пуантах як закрыццё сезона Вялікага тэатра

10 июля 2014
Марафон на пуантах як фінал 81-га сезона Вялікага тэатра Беларусі. Фестываль Балетнае лета сабраў у Мінску класічныя і сучасныя пастаноўкі, дзе сваю харэаграфічную моц прадэманстравалі сусветныя зоркі класічнага танца. З гала-канцэрта рэпартаж Іны Пілевіч.

Дзеля фестывалю забралі 2 тыдні водпуску. Замест ваяжаў і круізаў у публікі і артыстаў балетнае лета. За паўтара тыдня - 8 тэматычных праграм. Гэта вечары харэаграфіі Баланчына, Кіліяна, грузінскага танца. У праграме сабралі як класіку ў белай пачцы, так і мадэрн, які выконваюць без традыцыйных пуантаў і трыко.
Уладзімір Грыдзюшка, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: 8 дзён тут на сцэне проста адбываліся цуды. 3 вечары з грузінскім балетам, 3 вечары нашы спектаклі з удзелам зорак сусветнага балета. І, безумоўна, гала-канцэрт.
Што ні грымёрка, то штаб сусветна вядомых труп. На фінальны вечар фестывалю дэлегавалі танцоўшчыкаў тэатр Эйфмана, Дацкі Каралеўскі балет, Варшаўская нацыянальная опера і яшчэ шэраг калектываў. Прымы і прэм'еры прыехалі ў Мінск закрыць сезон Вялікага тэатра Беларусі.
Ніна Ананіяшвілі, народная артыстка Расіі і Грузіі: Што датычыцца гасціннасці, арганізаванасці, то гэта проста абсалютна фантастычна. Мы ўсе вельмі задаволеныя. І я, у прыватнасці, штораз прыязджаючы, ад'язджаю заўсёды з такой асалодай, натхненнем. Штораз рада сустрэцца з гледачом, і ўжо як са сваімі сябрамі сустракаюся з усімі тут у тэатры.
Галоўныя акадэмічныя падмосткі краіны б'юць рэкорды па наведваннях. Для падтрымкі сваёй папулярнасці тэатр уводзіць у знаёмыя спектаклі замежных зорак, запрашае запатрабаваных пастаноўшчыкаў і пастаянна абнаўляе рэпертуар. Толькі за гэты сезон 10 прэм'ер на трох сцэнах. Але і нашы салісты ўжо даўно сталі жаданымі гасцямі Метраполітэн-Оперы і Марыінкі. Уражанне, што ў артыстаў няма летняга адпачынку. Днямі Людміла Хітрова і Канстанцін Гяронік прывезлі Гран-пры з Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Стамбуле.
Вялікі тэатр Беларусі закрываецца для публікі на паўтара месяца. І калі трупа бярэ канікулы, то адміністрацыя працягвае рэалізоўваць білеты на будучыя спектаклі. 82-і тэатральны сезон пачнуць 7 верасня прэм'ернай операй Пікавая дама.