Максім Петруль прысвеціў арт-праект тэме мастацкай эвалюцыі

17 февраля 2017

Арт-праект з прыстаўкай "лайв"... Ажыўленыя экспанаты ад беларускага скульптара Максіма Петруля зараз у адным з філіялаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Персанальная выстава аўтара манументальных кампазіцый у мінскім метро прысвечаная тэме мастацкай эвалюцыі. Падрабязнасці - у Ніны Мажэйкі.

Ён знайшоў контрбаланс у скульптуры. Аўтар арт-аб'ектаў у мінскай падземцы Максім Пятруль выказваецца па-мастацку дакладна. Ці то манументальная груша на «Грушаўцы», ці казачны маліннік на аднайменнай станцыі метро. Прастата формы толькі ўяўная.

Майстар пластычнага выказвання шчодра эксплуатуе такі прыём як алегорыя. У кожнай з яго прац ёсць падсэнс. Пры гэтым скульптурныя кампазіцыі даволі мінімалістычныя. Такі мастацкі ход.

Экспазіцыя, калі прасцей, рэтраспектыва: тут ужо знаёмыя публіцы свінцовыя хатнія тапачкі і бронзавы слон – элефантус. Ад манументалізму Пятруль перайшоў да мінімалізму. Цяпер замест «думкаформы» дамінуе матэрыял. Мастак нават ажыўляе музейныя экспанаты.

Максім Пятруль, скульптар: "Гэта трансляцыя нейкай нашай рэальнасці, у якую мы ўсе інтэграваныя, змешчаныя, як вось як рыбка Дэм’ен, названая ў гонар брытанскага вядомага мастака Дэм’ена Хёрста. Праект інтэрактыўны ён наладжвае праз шматгранныя пераламленні, якія дае акварыум, запоўнены вадой і змешчанай у яе рыбкай, якая рухаецца, розныя візуальныя інтэрпрэтацыі таго, што ёсць наша рэальнасць".

У мастацкага стылю ёсць і афіцыйны тэрмін – «візуальнае мастацтва для грамадскай прасторы». Таму аўтарскае «я так бачу» сёння не проста піяр-ход. Такая пластыка набыла папулярнасць і за мяжой, напрыклад, у Кітаі. Дарэчы, Пятруль мае куратарскі вопыт на Венецыянскім біенале.

Леанід Хобатаў, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў: "Ёсць такое, што можна выказаць толькі праз форму. Гэты асаблівы стан мастака, які да канца не можа растлумачыць для сябе нават асабіста, а чаго ў яго рэчы глыбокія, чаму яму верыць глядач, чаго ў яго працы прадаюцца, а ў другога не - ды вось таму што ён сапраўды вызначае сэнс і змест".

Своеасаблівы постскрыптум – бязконтурныя малюнкі. Серыя графічных работ, якія паўтараюць трохмерныя выявы. Працы выкананы простым алоўкам на паперы па гадзіннікавай стрэлцы. Сімвалічна ў кантэксце часу.