Спрытнасць рук і ніякага падману

13 марта 2015

19-гадовы фокуснік з Ліды прайшоў адбор з дзясяткаў талентаў і стаў фіналістам самага народнага шоу Беларусі "Я магу!".

Даведацца сакрэты чараўніцтва і падглядзець, як прыдумваюць фокусы, паспрабаваў Дзмітрый Смірноў

У гэтым металічным сакваяжы ўсе сакрэты і магічны рэквізіт Аляксандра. Дзесяць спецыяльных картачных калод, бясконцыя рознакаляровыя хусткі і манеты. Тут жа і тыя самыя вяроўкі, трук з якімі малады фокуснік паказваў у паўфінале. Мы спрабавалі сачыць за кожным рухам рук і высветліць, дзе ж хітрасць. Пазней нават паглядзелі ўсё на запаволенай хуткасці. Але магія так і засталася магіяй.

Група "Я магу!" "Вконтакте" набірае падпісчыкаў неверагоднымі тэмпамі, а відэа з выступленняў на шоу выходзіць у топ. Раздзел шоу на сайце Белтэлерадыёкампаніі наведалі больш за 15 тысяч чалавек. Найбольш актыўна галасавалі людзі з Мінска, Бабруйска, Гомеля, Віцебска, Масквы, Санкт-Пецярбурга і нават Осла. А яшчэ палова Ліды хварэла за земляка.

Але сцэна ў Мінску не адзіная для Аляксандра. Міні-выступленні ілюзіяніст праводзіць і дома ў Лідзе.

Фокуснікі вельмі старанна захоўваюць свае сакрэты. І калі вам не ўдалося зразумець іх фокус у працэсе, потым вы наўрад ці прымусіце ілюзіяніста растлумачыць, што к чаму.

Перад тым як паказаць новы фокус, Аляксандр гадзінамі не выходзіць з пакоя. Ён нешта малюе, чэрціць, пралічвае формулы. Старонняму назіральніку можа здацца, што гэта больш падобнае на лабараторную па фізіцы, чым на распрацоўку, напрыклад, фокуса з картамі. Але нават сябрам і родным Аляксандр не раскрывае сваіх таямніц. Гэта галоўнае правіла кодэкса фокусніка.

Для 19-гадовага фокусніка з Ліды шоу "Я магу!" стала тым самым шанцам выйсці на сцэну і расказаць пра свае таленты.

На думку маці Аляксандра, менавіта такога праекта не хапала, бо беларусам ёсць чым ганарыцца.

Фінал шоу "Я магу!" адбудзецца ўжо зусім хутка. У красавіку тэлегледачы ў прамым эфіры выберуць самага таленавітага і харызматычнага ўдзельніка. А да гэтага моманту яшчэ ёсць час вызначыцца, за каго прагаласаваць. Выступленні ўсіх удзельнікаў сабраныя на сайце Белтэлерадыёкампаніі ў раздзеле шоу "Я магу!".