Лоеўскі майстар у сваёй майстэрні стварае сапраўдныя драўляныя шэдэўры

4 Красавіка 2020
Невялікія прадметы побыту і вялізныя скульптуры. Лоеўскі майстар у сваёй майстэрні стварае сапраўдныя драўляныя шэдэўры. Старадаўняе рамяство Сяргей Вінічак атрымаў ў спадчыну ад сваіх бацькоў і зараз навучае справе сваіх сыноў. З дынастыяй пазнаёмілася Ганна Кавалёва.

Сяргей Вінічак паказвае рэліквію сваёй сям'і. Акрамя старажытных інструментаў лаяўчанін атрымаў у спадчыну талент бацькі - мастака і дзядулі - цесляра. Увесь вольны час мужчына праводзіць у майстэрні з дрэвам. Стварыць з яго можа што заўгодна: ад фотарамкі і лыжкі да вялікагабарытнай мэблі. Кажа, творчая натура шукала рэалізацыі яшчэ ў дзяцінстве.

Прафесійна займацца рамесніцтвам Сяргей пачаў некалькі гадоў таму. Падарожнічаў па Іванаўскай і Тульскай абласцях Расіі, знаёміўся з работамі мясцовых майстроў. Гэта і стала пераломным момантам у творчасці.

Дарэчы, усе работы Сяргея створаны літаральна з драўняных адходаў - многае са звычайных дроў. У працы часцей за ўсё знаходзіцца адразу некалькі нарыхтовак.

На складаную работу патрэбна мінімум некалькі тыдняў. Напрыклад, гэты млын майстар рабіў цэлы месяц. Цікава, што ўсе вырабы ствараюцца без эскізаў.

Перад тым, як выразаць прадмет, Сяргей Вінічак разглядае драўніну з усіх бакоў, спрабуе прадставіць задуманы вобраз. Улічвае тэкстуру, шчыльнасць і колер матэрыялу. Увогуле, від драўніны не мае значэння -  майстар на ты з любой сыравінай. 
Дарэчы, сямейную справу ёсць каму працягваць: у Сяргея два сыны. Па прафесіях - энергетык і ратавальнік. Пры гэтым па магчымасці заўсёды знаходзяць час дапамагчы бацьку і засвоіць чарговую тэхніку. 

А пакуль пераймаецца вопыт дынастыі, Сяргей марыць аб тым, каб стварыць выставачную пляцоўку ў сваім горадзе. Тады любы ахвочы мог бы прыйсці і палюбавацца драўлянымі шэдэўрамі сямейнага рамяства.