Твары і галасы краіны сёння выбіралі ў Маладзёжным тэатры эстрады

3 апреля 2015

Там прайшоў адбор адразу на два сур'ёзныя конкурсы вакалістаў на "Славянскім базары ў Віцебску" – дарослы і дзіцячы. На першым этапе разгляду відэазаявак, а іх у Мінкульт прыйшло каля 70 з усіх рэгіёнаў краіны, прафесійнае журы выбрала па 11 прэтэндэнтаў. Удзельнікі адбору выканалі па дзве кампазіцыі на выбар: песню на роднай мове, сусветны і славянскі хіты. Парадкавыя нумары вакалістам прысуджаліся па выніках жараб'ёўкі. Рашэннем журы на дарослым конкурсе эстрадных выканаўцаў Беларусь прадставіць салістка Нацыянальнага канцэртнага аркестра Валерыя Грыбусава.

А на дзіцячым конкурсе ў Віцебску нашу краіну будуць адстойваць адразу дзве вакалісткі - 11-гадовая магіляўчанка Алена Цітова і 9-гадовая Стэфанія Сакалова. Дзяўчынак чакае сур'ёзная падрыхтоўка, камусьці нават зменяць конкурсны рэпертуар, але без істотных пераўтварэнняў. Нагадаем, сёлета міжнародны фестываль "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 13 ліпеня.