Літаратурныя сляды Беларусі ў Санкт-Пецярбургу

2 мая 2014

Менавіта горад на Няве - сталіца Расійскай імперыі - стаў месцам, дзе ствараліся хрэстаматыйныя класічныя творы нашай літаратурнай спадчыны. Некалькі гадоў у Пецярбургу жыў і вучыўся Янка Купала. Там былі напісаныя паэмы, вершы, выдадзеныя зборнікі.


Расказвае Алена Борматава: Санкт-Пецярбург, Васільеўскі востраў, 4 лінія. Месца, якое назаўжды звязала горад на Няве і Беларусь. Справа ў тым, што ў доме №45 некалькі гадоў жыў народны паэт Беларусі Янка Купала. Сёння гэта звычайны жылы дом, як і 100 гадоў таму, калі Купала здымаў тут кватэру.


Вядома, што малады паэт пасяліўся ў прафесара, літаратуразнаўцы Браніслава Эпімах-Шыпілы. Гэта была шасціпакаёвая кватэра на трэцім паверсе. Сказаць дакладна, дзе было акно купалавага пакоя, немагчыма. Вядома толькі, што выходзіла яно ў знакаміты піцерскі калодзеж. У 30-х гадах мінулага стагоддзя ў доме прайшоў капітальны рамонт і перапланіроўка. Многія кватэры сталі камунальнымі.


Мікалай Русакевіч, старшыня савета Беларускай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Санкт-Пецярбурга, прафесар: Гэтая дошка, або памяць аб творчасці і жыцці Янкі Купалы ў Пецярбургу, была тут у 1956 годзе замацаваная на гэтым будынку. Потым, праз некаторы час, калі дом падлягаў рэстаўрацыі, рамонту, яна здымалася, і ўжо ў далейшым, дзесьці ў 90-я гады, яна зноў была вернутая на гэтае месца.


У Пецярбург Купала прыехаў пасля Вільні. Працу ў Нашай Ніве змяніў на пасаду практыканта на трэцім вінным заводзе. Так, быў у песняра і такі працоўны вопыт. Ёсць і яшчэ адзін піцерскі адрас, дзе нейкі час жыў Іван Луцэвіч: 6-я лінія Васільеўскага вострава, дом №1. Аднак тут ён затрымаўся нядоўга - пераехаў да Шыпілы.


Мікалай Нікалаеў, загадчык аддзела Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі: Янка Купала - фенамен загадкавы і вельмі дзіўны нават, я б сказаў. Жыў у Пецярбургу 2 гады. Напісаў і паставіў Паўлінку, лепшыя свае вершы, але ў яго няма ніводнага верша пра Пецярбург, пра горад, ён яго не заўважыў.


Не без дапамогі Шыпілы Купала паступіў на агульнаадукацыйныя курсы Чарняева - адной з самых папулярных навучальных устаноў горада на Няве. Тут чыталі лекцыі навукоўцы з Пецярбургскага ўніверсітэта. Што цікава, менавіта ў горадзе Пятра выходзілі ўсе зборнікі паэта. Прычым, спонсарам трэцяга - Шляхам жыцця - быў доктар з беларускімі каранямі Ярэміч.


Галіна Варонава, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: Доктару Ярэмічу на выбар прынеслі адразу два зборнікі паэзіі. Гэта быў зборнік вершаў Сяргея Ясеніна - чалавека, які ўжо ў Пецярбургу карыстаўся даволі вялікай папулярнасцю - Раданіца і зборнік вершаў Янкі Купалы Шляхам жыцця. І доктар Ярэміч вырашыў гэтую справу на карысць беларускага паэта.


Аднак не Піцер, а беларускія Акопы сталі месцам напісання Паўлінкі. І вось што цікава: спачатку гэта быў не драматычны твор, а лірычнае апавяданне А вербы шумяць, і першыя старонкі твора былі сапраўды напісаныя ў Піцеры.