Літаратар Сяргей Давідовіч прэзентаваў сваё выданне ў сем тамоў

30 мая 2017

Мара любога пісьменніка - убачыць збор уласных твораў - сёння стала рэальнасцю для беларускага паэта, празаіка, аўтара сатырычных замалёвак Сяргея Давідовіча. Напярэдадні ўласнага 75-гадовага юбілею 60 паэм, сотні вершаў і аповедаў аўтара леглі ў аснову сямі тамоў, якія сёння ў Мінску і прэзентаваў літаратар. Зрэшты, мастацтва слова - не адзінае захапленне выхадца Лагойшчыны. Падрабязнасці - у Наталлі Бардзілоўскай.

Палкоўнік, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, які ўзначальваў камісію па галоснасці, СМІ і правах чалавека. Ганаровы грамадзянін Лагойска, якому на малой Радзіме адкрылі імянную галерэю! На прафесійным і творчым рахунку Сяргея Давідовіча яшчэ і калекцыя ўласна напісаных жывапісных работ, шматлікія выставы, падарункавы гумарыстычны каляндар, аздоблены да 2008-га, аб'яўленага на Беларусі Годам здароўя. Таксама па блаславенні Уладыкі Філарэта Давідовіч распісаў праваслаўны храм ў вёсцы Жукаўцы. Ен – і «кіношнік», аўтар сцэнарыя да камедыі «Свежаніна з салютам». Нарэшце, літаратар напісаў каля сотні паэм і незлічона вершаў, казак.

І вось уся гэтая літаратурна-выяўленчая спадчына, нарэшце, комплексна ўвасобілася ў аўтарскім шматтомніку. Класічная форма «збор сачыненняў» - у Сяргея Фёдаравіча запланавана сем кніг. Шэсць – прэзентаваны. Апошняя – ужо ў выдавецтве. У зборніках - шматгадовая спадчына і навінкі аўтара.

Яго тамы - «два ў адным»: усе тэксты аздоблены ўласнымі ілюстрацыямі аўтара. Давідовіч – разнапланавы мастак. Яго «канёк» - пейзаж і сюжэтная карціна. Творцу хвалююць як вясковыя краявіды і сілуэты беларускіх цэркваў, так і суровыя грамадзянскія тэмы.

Зараз на яго мальберце - партрэт маці. Самую блізкую жанчыну Давідовіч пісаў неаднойчы. За партрэтамі - успамін пра дзяцінства і вёску Карпілаўку, што на Лагойшчыне. Мастак - дзіця вайны, нарадзіўся ў ліпені 1942-га.

А на пісьмовым стале Давідовіч пакінуў распрацоўку восьмага тома. Пісьменнік глядзіць у будучыню - працяг збору сачыненняў будзе.

Шматтомнік тыражом за сотню экзэмпляраў - сумесны праект Давідовіча і Саюза пісьменнікаў Беларусі. З сённяшняга дня тамы – на паліцах беларускіх бібліятэк і даступныя чытачу. Зрэшты, айчынныя кнігалюбы не ўпершыню знаёмяцца з выданнямі аўтара - да таго ў свет выйшла каля 25 зборнікаў паэзіі і прозы. Творчасць Давідовіча натхняе драматычных артыстаў, музыкантаў і кампазітараў: нямала вершаў пакладзеныя на музыку.