"Лістапад" арганізаваў перадпаказы сферычных фільмаў

7 ноября 2017

Гасцямі сталі зоркі сусветнага ўзроўню кінавытворчасці. Дні віртуальнай рэальнасці, якія сёння стартуюць у Мінску, пазнаёмяць гледачоў з сучаснымі VR-тэхналогіямі. Падрабязней - Дар'я Тарасава.

Выйсці за рамкі традыцыйнага кінаэкрана магчыма. Сёння адносна маладое, але ўжо ўпадабанае гледачамі па ўсім свеце сферычнае кіно стала неад'емнай часткай найбуйнейшых кінематаграфічных фестываляў, яго паказваюць нават у Канах. Эстафету прыняў і беларускі "Лістапад". Першым фільмам, які беларусы ацанілі на ўсе 360 градусаў, стала работа расійскага рэжысёра Міхаіла Антыкава.

Гістарычны фільм "Эрмітаж VR. Пагружэнне" з Канстанцінам Хабенскім у галоўнай ролі - гэта віртуальнае падарожжа па інтэр'ерах вядомага ва ўсім свеце музея.

Мітрый Соркін, каардынатар праекта VIR:CINEMA: "У іх ёсць спецыяльная распрацоўка, якая дазваляе захаваць сацыяльны эфект кінатэатра, калі мы прыходзім са сваімі сябрамі, знаёмымі і ў нейкі страшны момант можам схапіць іх за локаць. Наша прынцыповая пазіцыя, каб сферычнае кіно таксама глядзелі адначасова".

Для прагляду сферычнага кіно неабходны шлем віртуальнай рэальнасці. Гэтая прылада працуе пры дапамозе смартфона, які транслюе суцэльную карцінку гледачу дзякуючы двум экранам, змешчаным у самім шлеме. Менавіта гэтая тэхнічная частка і забяспечвае гледачу магчымасць апынуцца па той бок экрана і перанесціся ў сюжэт, расказаны рэжысёрам.

Георгій Маладцоў, рэжысёр, куратар праекта Russian VR Seasons: "Віртуальная рэальнасць адрозніваецца ад кіно, і ад тэатра, і ад 3D-тэхналогій тым, што падман ідзе на ўзроўні мозгу, а не толькі на ўзроўні вачэй, і глядач такім чынам значна ярчэй верыць у тое, што ён бачыць, і менавіта гэта дазваляе нам сфарміраваць праграмы вакол найболей пазнавальных рэчаў".

Усе фільмы ў рамках дня віртуальнай рэальнасці пакажуць на мове арыгіналу. Геаграфія краін-удзельніц шырокая - гэта Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Расія. У праграме і сферычны фільм беларускай вытворчасці. Гэта не поўнаметражнае кіно: працягласць кожнай стужкі, заяўленай у праграме, каля 10 хвілін.

Для шырокай публікі паказы фільмаў у фармаце 360 градусаў пачнуцца сёння. Усяго ўвазе беларускіх кінаманаў фестываль прапаноўвае 17 карцін з так званым эфектам поўнага пагружэння. Увечар пра спецыфіку стварэння віртуальных фільмаў на сваіх майстар-класах распавядуць эксперты індустрыі.