"Лістапад" раскруціў фільмы на 360 градусаў

8 ноября 2017

"Лістапад" сышоў з плоскіх экранаў. У кожнага гледача ўчора ён быў свой - персанальны. У выглядзе акуляраў, якія працуюць на аснове смартфона, або шлема віртуальнай рэальнасці. Для дасягнення найбольшага эфекту поўнага пагружэння кінаманы размяшчаліся ў крэслах з ракурсам павароту на 360. Пра віртуальныя тэхналогіі кінафестывалю - Вольга Мядзведзь.

"Лістапад" раскруціў фільмы на 360 градусаў. Гэта кіназала без традыцыйнага экрана. У кожнага гледача ён свой, індывідуальны, у выглядзе акуляраў, якія працуюць на аснове смартфона, або шлема віртуальнай рэальнасці. Для дасягнення найбольшага эфекту поўнага пагружэння кінаманы размяшчаюцца не статычна, а ў крэслах з ракурсам павароту таксама на 360.

Цэнтральная пляцоўка - сінхронны паказ VR-фільмаў. Упершыню тэхналогію такога прагляду выпрабавалі на леташнім "Лістападзе". У праграме - 17 кароткаметражак з Германіі, Францыі, Іспаніі, Беларусі, Індыі, Польшчы, Вялікабрытаніі і Расіі - усе на мове арыгіналу, не перавышаюць 10 хвілін.

Павел Фірсаў, суарганізатар дня віртуальнай рэальнасці: "Фільмы - удзельнікі іншых вельмі сур'ёзных фестываляў сусветных. І мы звярнуліся з просьбай да іх рэжысёраў, да іх праваўладальнікаў, папыталі ў іх права і запрасілі іх на наш фестываль, і яны - большасць - пагадзіліся, прыехалі, і такім чынам яны тут і зараз. І фільмы, і рэжысёры - іх стваральнікі".

У кіно па-за прамавугольным экранам таксама ёсць вызначаны сцэнарый. Здымкі такога фільма не надта адрозніваюцца ад ужо традыцыйных у кінематографе. Аднак мезансцэна ствараецца не ў адной плоскасці, а з аглядам на 360 градусаў. Фіксуецца гатовы план панарамнай камерай. Прыклад такога дэвайса прадэманстравалі на фотазоне дня віртуальнай рэальнасці.

Аляксандр Перэз, рэжысёр класічных і VR-фільмаў (Францыя): "VR-фільмы здымаць цікава - гэта як галаваломка для здымачнай групы. Павінна быць прадумана ўсё. Калі мы выстаўляем святло, глядач не павінен яго потым убачыць, значыць, я як рэжысёр і аператар павінны яго правільна замаскіраваць. Што датычыцца акцёраў, яны жывуць як у тэатральнай пастаноўцы, я не магу іх зафіксаваць на вызначанай пазнацы на падлозе, яна ж будзе бачная ў кадры".

Віртуальная рэальнасць - гэта не толькі выраб фільмаў. Тэхналогія выкарыстоўваецца ў навуцы, медыцыне, вайсковай справе, выяўленчым мастацтве і іншых сферах. Пацверджанне таму майстар-класы аб ужыванні VR у стварэнні лічбавых ілюстрацый, скульптур і анімацыі.

Джулія Ліб, журналіст, фатограф і VR-рэжысёр (Германія): "Ва ўсіх медыя ёсць вызначаныя рамкі: газеты, тэлебачанне, нават карціны ў галерэі - успрыманне ўсяго абмежаванае. У віртуальнай рэальнасці вы паглыбляецеся ў падзеі. Я першым чынам журналіст, сваім дакументальным фільмам я даю гледачу магчымасць пабываць у цяжкадаступных, закрытых месцах свету, напрыклад, Нубійскія горы ў Судане".

Індустрыяльная платформа мінскага "Лістапада" стала дыскусійнай панэллю каля дзясятка замежных рэжысёраў і прадзюсараў, якія працуюць з новым фарматам. Прафесіяналы падзяліліся вопытам і абмеркавалі асаблівасці, перавагі і перспектывы імерсіўнага кінематографа.