"Лістапад". Дзень чацвёрты. Якія навінкі ў шорт-лісце на сёння?

4 Лістапада 2019

Сёння ў кінаафішы чацвёрты дзень "Лістапада". Мінскі міжнародны форум фактычна падышоў да экватара і працягвае паказы аўтарскага кіно ў рэжыме нон-стоп. А вечарам фестываль падвядзе і першыя вынікі.

Падрабязнасці дня ў майго калегі Лідзіі Заблоцкай. Яна на прамой сувязі са студыяй (прамое ўключэнне). Сёння "лістападныя" экраны пакажуць кінаманам 28 фільмаў. Пазаконкурсныя паказы ігравога кіно стартавалі сёння апоўдні ў "Цэнтральным". Дарэчы, там сапраўды ў рэжыме нон-стоп паказваюць смелыя стужкі ўдзельнікаў і лаўрэатаў Берлінскага, Канскага, Венецыянскага кінафестываляў. Але сёння акцэнт на прэм'ерах і дэбютах. Прама зараз мы знаходзімся ў адной з лакацый на фестывальнай афішы - ля "Піянера". У гэтыя хвіліны ідуць апошнія паказы і абмеркаванні ўдзельнікаў конкурсу нацыянальных кінашкол.

Сёння аб’явяць пераможцаў конкурсу нацыянальных кінашкол

Нагадаем, усяго пакажуць 22 карціны з Германіі, Аўстрыі, краін Балтыі. Маладыя рэжысёры прывезлі кароткі метр, у асноўным гэта дакументальныя фільмы на вострыя сацыяльныя тэмы. Дарэчы, імёны пераможцаў конкурсу нацыянальных кінашкол даведаемся ужо сёння вечарам у Музеі гісторыі беларускага кіно. Акрамя таго, сёння першы дзень нацыянальнага конкурсу. Тут жа, у "Піянеры", ацанілі 5 анімацыйных фільмаў. У асноўным гэта стужкі "Беларусьфільма".

28 прэм'ер сёння ў афішы "Лістапада"

У рамках нацыянальнага конкурсу адбудзецца беларуская прэм'ера. Сёння тут жа, у малой зале "Піянера", пакажуць поўнаметражны фільм. Гісторыю пра пераходны ўзрост школьнікаў прадэманструе здымачная група разам з маладым рэжысёрам Уладай Сяньковай. Фільм ужо атрымаў узнагароду за "Свабодны дух" на Варшаўскім кінафестывалі.

А ў Музеі кіно з архіваў дастануць фільм, якога магло б не быць. Праз 20 гадоў упершыню на вялікім экране пакажуць цяжкую гісторыю пра Хатынь без купюр і скарачэнняў. Акрамя таго, вы ўсё яшчэ можаце паспець купіць білеты на паказы асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. Чатыром стужкам дадуць старт у 18:30, гісторыі пра жаночыя лёсы пакажуць у адным з кінатэатраў у мінскім гандлёвым цэнтры.