Лісабон ужо сустракае ўдзельнікаў і гасцей "Еўрабачання"

29 апреля 2018

Лісабон ужо сустракае ўдзельнікаў і гасцей маштабнай музычнай падзеі Еўропы.

У партугальскай сталіцы шматлюдна - паводле самых сціплых падлікаў, толькі фанатаў чакаецца каля 30 тысяч з усяго свету. Гасцініцы перапоўненыя, білеты на фінальнае і паўфінальныя шоу ўжо распрададзеныя.

На вуліцах можна пачуць дзясяткі моў. Марская сімволіка "Еўрабачання" - паўсюль. Лагатып у выглядзе ракавіны і лозунг - "Усе на борт!". Вядома, за гэтым стаіць некалькі месяцаў напружанай падрыхтоўкі, але Партугалія, здаецца, справілася. Чым Лісабон плануе парадаваць сваіх шматтысячных гасцей, высвятляла Вольга Давідовіч.

Права прымаць адзін з самых прэстыжных музычных конкурсаў свету Партугалія атрымала ўпершыню за ўсю гісторыю існавання "Еўрабачання". І ўсё дзякуючы перамозе Сальвадора Сабрала летась у Кіеве. На сваёй радзіме ён сёння сапраўдная зорка і ўлюбёнец нацыі.

Раней яму ўжо ўручылі прэмію "Асоба года" ад Асацыяцыі замежнай прэсы ў Партугаліі. А напярэдадні конкурсу ў Лісабоне Сальвадор і яго сястра Луіза (менавіта яна аўтар песні-пераможцы "Кахання хопіць на дваіх") былі ўдастоеныя ордэна "За заслугі" ад прэзідэнта Партугаліі.

Партугалія ўмее ганарыцца тымі людзьмі, якія ўслаўляюць яе ва ўсім свеце. Нядзіўна, што ў некалі вялікай марской дзяржавы галоўная тэма нават у песеннага конкурсу марская. Лагатып намаляваны ў выглядзе ракавіны, лозунг - "Усе на борт!". Больш за тое, ужо вядома, што традыцыйную чырвоную дарожку на адкрыцці конкурсу заменяць на блакітную.

У якасці месца правядзення конкурсу партугальцы разглядалі адразу некалькі варыянтаў. Апроч Лісабона, у спісе былі акругі Авейру і Брага, гарады Порту і Фару. Але толькі ў сталіцы дзяржавы ёсць арэна, здольная змясціць звыш 20 тысяч гледачоў.

"Алтыс-Арэна" стане галоўнай пляцоўкай для правядзення конкурсу. Крыты стадыён, дарэчы, адзін з найбуйнейшых у Еўропе, быў пабудаваны спецыяльна да міжнароднай выставы ЭКСПА-1998. Раней у Партугаліі не было комплексу, здольнага прыняць гэткае маштабнае мерапрыемства. Арэна размешчаная на беразе ракі Тэжу, у вусці якой прымасціўся Лісабон. Прайсці яшчэ крыху ў той бок - і там ужо Атлантыка. Партугалія відавочна падрыхтавалася да таго, каб правесці "Еўрабачанне-2018" з сапраўды акіянскім размахам.

Сцэна "Алтыс-Арэны" па форме нагадвае карабель і выкананая ў стылі "Акіян": дынамічныя хвалі-трансформеры, інтэграваныя фантаны... Усё гэта задумка нямецкага крэатыўнага прадзюсара Фларыяна Відэра. Арганізатары запэўніваюць: сцэна простая і элегантная, але ў той жа час тэхналагічная і сучасная. Галоўны акцэнт - на дэкарацыях і асвятленні.

Тэхнічныя рэпетыцыі тут ідуць ужо з сярэдзіны красавіка. Вядучыя праганяюць сцэнарый. Сёння пачаліся і першыя рэпетыцыі ўдзельнікаў песеннага конкурсу. Іх сёлета 43 краіны, уключаючы прадстаўнікоў Македоніі, якая аб'явіла аб сваім рашэнні ўжо пасля таго, як у лістападзе 2017-га быў абвешчаны выніковы спіс, і Аўстраліі - гэтая краіна працягвае ўдзел у конкурсе, атрымаўшы спецыяльны дазвол ад арганізацыйнага камітэта.

У прэс-цэнтры "Еўрабачання" чакаюць звыш 2 тысяч журналістаў з Партугаліі і іншых краін свету. Панаглядаць жа за конкурсам у Лісабон, паводле самых сціплых падлікаў, прыедуць каля 30 тысяч замежных турыстаў. Гасцініцы ў самім горадзе і яго прыгарадах перапоўненыя, білеты на фінальнае і паўфінальнае шоу ужо распрададзеныя. На вуліцах можна пачуць самыя разнастайныя мовы.

Падрыхтавацца да прыёму гэткага маштабнага мерапрыемства - сур'ёзная задача і для праваахоўнікаў. У міжнародным аэрапорце Партэла і ва ўсім горадзе павысілі меры бяспекі. На вуліцы вывелі дадатковыя патрулі.

Улады папярэдзілі: у дні конкурсу чакаюцца складанасці ў працы грамадскага транспарту. Арганізатары супакойваюць: усё самае цікавае будзе адбывацца ў крокавай даступнасці ад "Алтыс-Арэны". Радуюць гасцей Лісабона і сіноптыкі. У партугальскай сталіцы падчас правядзення "Еўрабачання" чакаецца нязвыкла цёплае і сонечнае для гэтага часу года надвор'е.