Радзівілы ўвайшлі ў гісторыю як найбагацейшы магнацкі род Вялікага княства Літоўскага. Творы ў Нацыянальны мастацкі музей перадаў нашчадак знакамітага роду Мацей Мікалай Радзівіл, усе экспанаты з асабістага збору князя. Некаторыя падораны сваякамі, некаторыя набыты ім на аўкцыёнах. Творы ў Мінск даставілі з Варшавы напярэдадні, аднак распакоўваць пачалі толькі сёння. Шэдэўры павінны пастаяць і прайсці акліматызацыю. У збор увайшлі шматлікія партрэты, мініяцюры, каля двух дзясяткаў медалёў, каляровыя гравюры, літаграфіі, радаслоўнае дрэва Радзівілаў, унікальныя слуцкія паясы і шляхецкая шаўковая тканіна маката, якая выкарыстоўвалася для афармлення магнацкіх рэзідэнцый. Адзін з радзівілаўскіх партрэтаў быў адрэстаўраваны спецыяльна да выставачнага праекта. Зараз экспазіцыя фарміруецца, усе карціны размяшчаюць у храналагічным парадку, улічваючы роднасныя сувязі княжацкага роду.
Экспазіцыю папоўнілі і 37 радзівілаўскіх партрэтаў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. У рабочым рэжыме праект стартуе ўжо ў аўторак. А вось 27 лютага ў беларускую сталіцу завітае і сам уладальнік калекцыі - князь Мацей Радзівіл.













