Леанід Шчамялёў сёння адзначае 95-гадовы юбілей

5 февраля 2018

Мастак, які ўвайшоў у хрэстаматыю не толькі выяўленчага мастацтва, але і нацыянальнай і сусветнай культуры. Леанід Шчамялёў сёння адзначае юбілей. З 95-годдзем народнага мастака Беларусі павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Вялікую дату франтавік, педагог, які выхаваў не адно пакаленне мастакоў, адзначыў персанальнай выставай у Нацыянальным мастацкім музеі. Вернісаж сабраў сотні гасцей. Выказаць словы захаплення, падзякі за творчасць, пажаданні здароўя і новых работ прыйшлі сябры, калегі, вучні і прыхільнікі таленту Шчамялёва. Пра юбілейны дзень мастака - Наталля Бардзілоўская.

Да апошняга было інтрыгай: ці прыйдзе сам майстра адкрываць персанальную выставу (шаноўны ж узрост). Але бачна франтавая загартоўка і дысцыпліна мастака суровага стылю. Ён увайшоў у галоўны музей краіны і адразу захапіў усе погляды - як заўсёды стыльны і элегантны.

Эстэт, з годнай выправай, пунктуальны. Сёння ён наўмысна прыйшоў за паўгадзіны да ўласнай урачыстасці, і пакуль збіраліся людзі, няспешна прайшоўся ўздоўж экспазіцыі, вачыма гледача ацаніў шэсць дзясяткаў карцін.

У юбілейнай рэтраспектыве - 70 гадоў яго творчасці. Музейная экспазіцыя пабудавана біяграфічна. Вось сям’я ў самым вялікім раздзеле: ад партрэта маці, які выстаўляецца рэдка, да палотнаў з жонкай, дачкамі, унукамі. Сяброўскія партрэты - выявы вялікіх: Быкаў, Лучанок і Савіцкі, з якім разам зведалі трагедыю вайны, як мастакі фарміраваліся ў традыцыях і так званага суровага стылю. На палотнах Шчамялёва - праўда пра ваенную драму (асобны раздзел на выставе прысвечаны Вялікай Айчыннай), але яго рэалізм напоўнены святлом, жыццялюбствам, лірычнасцю.

Ураджэнец Віцебска, Шчамялёў з любоўю пісаў Мінск. Зрэшты, амаль першым з нашых стаў выстаўляцца за мяжой. Аб'ехаў палову свету: работы беларуса куплялі і музеі, і прыватнікі. У гады, калі на Радзіме крытыкавалі, - мог бы з камфортам асесці па-за Айчынай. Але застаўся жыць і пісаць на зямлі, якую калісьці абараняў.

У 95 няпроста па-ранейшаму стаяць ля мальберта, таму Шчамялёў чаргуе працу ў майстэрні і дома. Захапіўся малюнкам, у планах - асобная выстава, прысвечаная гэтаму жанру. Ва ўсіх пачынаннях вось ужо больш за паўвека мастака падтрымлівае жонка Святлана.