Ларыса Гулякевіч падкажа, куды адправіцца на праменад

11 января 2019

Сёння пятніца - час планаваць выхадныя! Культурная праграма ў сталіцы будзе насычанай. Кітайская архітэктура ў Гістарычным музеі, фотагероі з усёй Беларусі ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" і грандыёзны навагодні баль у Вялікім тэатры Беларусі.

Ларыса Гулякевіч падкажа, куды адправіцца на праменад.

Гістарычны музей прапануе дзве новыя экспазіцыі. Адна з іх прысвечана сучаснай кітайскай архітэктуры, другая - вынікам конкурсу дзіцячых малюнкаў "Радасць мая".

Філасофія, жывапіс, паэзія Кітая аказалі вялікі ўплыў на сусветную цывілізацыю, развіццё культуры розных краін - ад Еўропы да Амерыкі і Азіі. Адным з самых значных дасягненняў стала архітэктура Кітая, развіццё якой не спыняецца ужо больш за 4 тысячы гадоў. У ХХI стагоддзі кітайскія архітэктары працягваюць традыцыі, ствараюць свае творы з дапамогай сучасных тэхналогій і матэрыялаў. Выстава прымеркавана да 70-годдзя КНР.

У суседняй зале Гістарычнага музея сёння адкрываецца выстава, на якой дзеці праз малюнкі выказваюць свае адносіны да таго, якой павінна быць сям'я ў ХХI стагоддзі. Каля 40 дзіцячых работ - вынік творчага конкурсу "Радасць мая", што прайшоў у рамках фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры "Дабравест".

Усе закуткі Беларусі з асабістымі гісторыямі іх жыхароў змешчаны на фотавернісажы ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. 22 фотамайстры ў розных тэхніках запрашаюць на экскурс па Беларусі.

207 595 квадратных кіламетраў - плошча тэрыторыі Беларусі. За гэтымі лічбамі шум вялікіх гарадоў і цішыня маленькіх вёсак, людзі, што там жывуць, іх побыт, дарогі, якімі яны ходзяць. Гэта жыццё, якое і стала галоўнай тэмай выставы са своеасаблівай назвай "#дом207595". Удзел у выставе прынялі 22 аўтары з Гродна, Гомеля, Мазыра, Магілёва, Асіповіч, Салігорска.

Калі вы прыхільнік галантнага этыкету ХІХ стагоддзя і ваша мара - падарожжа ў часе на навагодні баль, то Вялікі тэатр прапануе такую магчымасць у гэтую нядзелю, традыцыйна на стары Новы год. Тэма балю - фантом оперы.

Прывід оперы - рамантычны герой гатычнага рамана Гастона Леру - у ноч з 13 на 14 студзеня паселіцца ў Вялікім тэатры Беларусі. Сёлета навагодні баль тут пройдзе дзясяты раз. Юбілейны год патрабуе нестандартнага падыходу, таму цуды будуць паўсюль. Рэжысёры імкнуліся здзівіць элементамі імерсійнага тэатра, калі артысты знянацку з'яўляюцца ў розных месцах тэатра і ўцягваюць гасцей балю ў сваю гульню.

У суботу Музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на абрадавае мерапрыемства "Шчадрэц".

Прыемных і нясумных выхадных!