Лістападзік падвёў вынікі

12 ноября 2014
Напярэдадні журы фестывалю фільмаў для дзяцей абвясціла ацэнкі стваральнікам кіно- і анімацыйных стужак. Дарэчы, у галасаванні за лепшы дзіцячы фільм удзельнічалі і юныя беларусы. Прыз сімпатый гледасоў школьнікі аддалі нямецкай кінастужцы З ног на галаву.

Усе падрабязнасці - у Наталлі Бардзілоўскай.


Дзіцячае свята адбылося і журы назвала лідараў конкурсу фільмаў для дзяцей і юнацтва. Так, прыз за лепшую дзіцячую ролю паедзе ў Данію, за лепшую дарослую - у Кітай. Фільмам нумар адзін для дзяцей названа іранская стужка, а германскія кінематаграфісты атрымалі галоўны прыз Залаты Лістападзік.

Золатам дзіцячага кінафестывалю адзначана нямецкая стужка пад назвай З ног на галаву. Камедыйная карціна па тыпе сучаснага Свята непаслушэнства закранае далёка не дзіцячыя пытанні, напрыклад, спажывецкае стаўленне да жыцця маладога пакалення.

Лепшай стужкай для падлеткаў фестываль назваў працу аргенцінскіх аўтараў. Фільм Натуральныя навукі рэжысёра Маціяса Лукезі расказвае аб складаных чалавечых лёсах: дачка не ведае свайго бацьку, але жадае знайсці яго.

Сюжэтна розныя, з яркім нацыянальным каларытам кожнай краіны-удзельніцы - восем прац конкурснай праграмы сёлета аб'яднаныя скіраванасцю на пэўную аўдыторыю гледачоў.

Яркае шоу і насычаная міжнародная кінапраграма - шматгадовая традыцыя Лістападзіка. І кожны год яго ўдзельнікі спрабуюць знайсці адказ на класічнае пытанне: якое яно - добрае дзіцячае кіно?

Дарэчы, нягледзячы на падвядзенне вынікаў конкурсу, паказы стужак-прызёраў яшчэ пройдуць на працягу тыдня.