Лістапад захапіў кінатэатры Мінска

5 ноября 2013
Касы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, продажы білетаў б'юць усе рэкорды. І на гэтым тыдні арт-хаус выцясняе масавую культуру. Акрамя кінасеансаў, яшчэ і пазаконкурсная праграма. Літоўскі акцёр Юозас Будрайціс запрашае на фотавыставу Маё кіно ў кінатэатры Цэнтральны.

Чым яшчэ запомніцца пяты дзень кінафоруму, раскажа Ніна Мажэйка.

У падтрымку слогана юбілейнага Лістапада Ісціна ў кіно літоўскі акцёр і член міжнароднага кінематаграфічнага журы Юозас Будрайціс паказаў сваё асабістае.

Фотапраект акцёра - своеасаблівы бэкстэйдж са здымачных пляцовак. У аб'ектыў да народнага артыста трапілі мэтры тады яшчэ савецкага кінематографа. Яўген Лявонаў, Уладзімір Басаў, Алег Янкоўскі. Усе партрэты, а менавіта іх у імправізаванай галерэі больш за ўсё, знятыя спантана, на фотаапарат Leica 1935 года і без дадатковай апрацоўкі.

Юозас Будрайціс, народны артыст Літоўскай ССР, член журы Мінскага міжнароднага кінафестывалю Лістапад-2013 (Літва): Я не прасіў іграць, я прасіў глядзець на мяне, і яны гэта рабілі. І яны шчыра рабілі, таму што я іх шчыра любіў.

Фотавыстава праходзіць у рамках Лістапада ў кінатэатры Цэнтральны. Літоўскі адказ беларускім Дням культуры ў Літве. Не адстаюць і французы. Дарэчы, іх дэлегацыя на кінафоруме самая вялікая сёлета. Фестываль на працягу тыдня мае магчымасць паказаць, чым багата менавіта мастацтва кіно.

Аўтарскае кіно ад францужанкі Клер Дэні можна паглядзець у кінатэатры Перамога. Рэтраспектыва кінаработ рэжысёра, фільмы якога заваявалі ўзнагароды самых прэстыжных кінафестываляў, збірае сталічныя кіназалы. Сёння мінчан чакае французскі фільм жахаў у сучасным чытанні.

Клер Дэні, рэжысёр (Францыя): У кожным кадры кіно існуе доля праўды. Нават калі гаворка ідзе пра мастацкую выдумку. Нават калі вы паглядзіце на выраз твару акцёра або актрысы, там прысутнічае праўда.

Дарэчы, у Беларусь мадам Дэні прывезла і сваю апошнюю працу Слаўныя ўблюдкі. Карціну мы ўбачым першымі ў рамках Лістапада.

Фінальным акордам пятага конкурснага дня стане працяг трылогіі Ульрыха Зайдля Рай. У Доме кіно аўстрыйскі кінарэжысёр, больш вядомы па сваіх дакументальных работах з выдатнай натуралістычнасцю, пакажа другі фільм з цыкла - Вера. Гераіняй кінастужкі стала супрацоўніца рэнтгенаўскага кабінета. Пасля прагляду стужкі Ульрых Зайдль дасць майстар-клас.