"Лістапад" сабраў у Мінску гасцей і ўдзельнікаў з 60 краін свету

6 ноября 2015

Свята-сінема сабраў у Мінску гасцей і ўдзельнікаў з 60 краін свету. Вядомыя асобы сусветнага экрана, культавыя рэжысёры, маладыя кінематаграфісты і аматары кіно 22 раз сабраліся разам, каб падарыць і атрымаць "Асалоду для вачэй". Менавіта так гучыць слоган "Лістапада" сёлета. Пад яго складзена ўся кінапраграма фестывалю. Урачыстасцю, "што цешыць погляд", стала і само адкрыццё. У гэтым пераканалася Наталля Бардзілоўская.

“Асалода для вачэй” - яшчэ не пачаліся фестывальныя кінапаказы, а “Лістапад” спраўджвае свой сёлетні слоган. Акрэдытаваны ў спісе ФІАПФ беларускі кінафорум пастараўся адпавядаць фестывальным Берліну, Венецыі і Канам і культурай свайго знешняга аблічча. Дрэс-код: вячэрняя сукенка для жанчын і мужчынская класіка: смокінг ці фрак - абавязковы пропуск на цырымонію адкрыцця.

Вось яна - VIP-фота-зона - месца прыцягнення гасцей і прэсы. Так пад святло сафітаў складаліся першыя старонкі 22-га “Лістапада”.

Нароўні з беларускімі, расійскімі, постсавецкімі зоркамі на чырвонай дарожцы Фані Ардан. Муза Франсуа Труфо і Франка Дзефірэлі растворыцца ў зале, а пасля яе будуць чакаць на сцэне і, зразумела, экране. Спецыяльны госць кінафестывалю - заўтра яна асабіста прадэманструе ўласную рэжысёрскую работу. Стужку “Дакучлівыя рытмы” сёння на спецыяльным паказе ўжо ацаніла прэcа.

Прысутнасць замежных кіназорак - як чарговае пацвярджэнне статусу фестывалю. Сёлетняя геаграфія ўдзельнікаў - ад Мексікі да Японіі, ад Даніі да Гватэмалы. 60 краін і 180 кінастужак - разам з “Асалодай для вачэй” гледачу дадуць пажытак для розуму. Як сімвал глыбокага кіно на “Лістападзе” – аўтар 12 правакацыйных для савецкага часу фільмаў, расійскі рэжысёр Вадзім Абдрашытаў.

“За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” - не першы год на адкрыцці фестывалю ўручаюць Спецыяльны прыз Прэзідэнта. Галерэю ўладальнікаў ганаровага знака папоўніў Вадзім Абдрашытаў.

Афіцыйная цырымонія. Традыцыйнае шоу. І як кульмінацыя, сусветная кінапрэм’ера “Даліна кахання”. Новая работа рэжысёра Гіёма Ніклу ў маі брала ўдзел у Канскім кінафоруме. Мінск - другая фестывальная пляцоўка, якой даверылі фільм. У паўтары гадзіны ўмясцілася драматычная гісторыя ўзроставай пары. Героі Дзепардзье-Юпэр – былыя муж і жонка, якіх нанова злучае смерць сына.

Пасля цырымоніі адкрыцця - сем дзён “Асалоды для вачэй”. Пяць кінатэатраў Мінска і 180 стужак, конкурсы, пазаконкурсныя паказы, творчыя сустрэчы, майстар-класы.