"Лістапад" раздае ўзнагароды

8 ноября 2016

Напярэдадні названыя пераможцы конкурсу нацыянальных кінашкол, а сёння – лепшыя карціны для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі. Але нягледзячы на першыя трафеі, XXIII Мінскі кінафестываль у самым разгары. Паказы праходзяць з раніцы і не спыняюцца нават ноччу. Фільмы публіцы лічна прэзентуюць іх стваральнікі. Чые імёны ўжо ўпісаныя ў цітры "Лістапада", раскажа Іна Пілевіч.

У надзеі на залаты кляновы ліст ён прыйшоў з сапраўдным. Азербайджанскі рэжысёр Рафік Аліеў сёлета канкурыруе за запаветную статуэтку Мінскага фестывалю з кінематаграфістамі Бельгіі, Балгарыі, Германіі, Францыі, ЗША. Праўда, барацьба ідзе не за дарослую, а больш патрабавальную публіку – да 16-ці. Яго стужка "Урок" пра жыццё школьнікаў, іх адносіны да сяброўства і погляды на жыццё набрала максімальны бал ад гледачоў. Залаты "Лістападзік" адпраўляецца ў Азербайджан.

Рафік Аліеў, народны артыст Азербайджана, рэжысёр: "Па-мойму, больш каштоўнага за гэты прыз не існуе для кіношнікаў. Фільм здымаецца для людзей – не важна: для дзяцей, дарослых. А калі людзі прымаюць гэты фільм, успрымаюць, перажываюць, хвалююцца, плачуць, смяюцца – гэта ўжо перамога".

На трафеі "Лістападзіка" сёлета прэтэндавалі 8 дзіцячых і юнацкіх фільмаў. У выніку галасавання міжнароднага журы лепшай прызнана французская кінастужка "Мікроб і бензін", а трыумфатарам кадра стала нямецкая актрыса Флора Ціман.

Яўгенія Пастарнак і Андрэй Жвалеўскі, члены журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік": "Ёсць аб’ектыўныя крытэрыі - сцэнарый, пастаноўка, мастацкія сродкі, аператарская работа. Гэта ўсё відаць. Але самае галоўнае – агульнае эмацыянальнае ўражанне. Калі фільм зроблены таленавіта, ён цябе бярэ за душу і не адпускае".

Адзіны беларус у асноўным конкурсе дакументальнага кіно дае прэм'еру на радзіме. Руслан Фядотаў дэманструе фільм пра мексіканскую вёску Саламанка і рэлігійную абшчыну, якая там пражывае. Дзеля кадра рэжысёр правёў чатыры здымачныя тыдні ў палатцы. І ахвяраваць было дзеля чаго – чорна-белую дакументалку называюць фаварытам.

Поўнаметражны дэбют на "Лістападзе" і ў Зосі Радкевіч. Малады расійскі рэжысёр прывезла стужку – трохкратнага прызёра фестываляў Кракава, Адэсы, Пецярбурга. Паказаць сваё кіно ў Мінску – дадатковая магчымасць заявіць пра сябе на міжнародным кінарынку.

Прэм'еры практычна кожную гадзіну. Толькі за апошнія суткі на "Лістападзе" прадэманстравана больш за тры дзясяткі стужак абсалютна розных жанраў.

Гледачы ацэньваюць карціны па чатырохбальнай сістэме. Кінаадзнакі публіка выстаўляе пасля сеанса ў спецыяльных купонах. Вынікі галасавання штодня публікуюцца ў кінатэатры "Цэнтральны". Зараз лідзіруе драма «Слава». У балгарска-грэчаскага фільма ў сярэднім 3,5 бала.

Вынік пакуль прамежкавы. Наперадзе ў кінаманаў яшчэ сем стужак асноўнага конкурсу. Менавіта на густ гледачоў будзе выбраны ўладальнік бронзы "Лістапада". Статуэткі стваральнікі лепшых фільмаў сезона атрымаюць у пятніцу.