Купалаўскі тэатр закрыў сезон

22 июля 2015

Галоўная драматычная сцэна краіны - Купалаўскі тэатр - закрыла сезон. Трупа паставіла некалькі прэм'ер, у тым ліку чэхаўскую "Чайку". У адыходзячым тэатральным годзе пляцоўка купалаўцаў стала і асноўнай для нацыянальнай тэатральнай прэміі. 95-ы сезон купалаўцы закрываюць легендарнай "Паўлінкай" – спектаклем, які ўжо больш за 70 гадоў не знікае з рэпертуарнай афішы калектыву.

Алена Борматава з закрыцця юбілейнага сезона. Закуліссе Купалаўскага – вось дзе самае цікавае да пачатку спектакля. Гатоўнасць нумар адзін. Усе акцёры ў зборы. Чакаюць выхаду на сцэну. Тут галоўны – памочнік рэжысёра. Трэці званок – і магія тэатра ў дзеянні.

Заключная ў сезоне – "Паўлінка". Ёю купалаўцы і адкрывалі і закрываюць юбілейны сезон. Сцэны са шляхецкага жыцця ў двух актах, якія не знікаюць з рэпертуарнай афішы больш за 70 сезонаў. Гэта адзіны спектакль, які пачынаецца з выхаду вядучай.

І рэжысура, і сцэнаграфія спектакля тыя ж – датуюцца 1943 годам, калі рыхтавалі спектакль. Некалькі сезонаў таму аднавілі касцюмы, аднак жа зноў па тых самых малюнках саракавых гадоў.

"Паўлінка" – гэта той самы спектакль, які прынята называць візітоўкай тэатра. Адразу некалькі пакаленняў акцёраў былі занятыя ў купалаўскай камедыі.

На сцэне вясковая хата. Дэкарацыя збіраецца з некалькіх сегментаў. Кожны важыць не больш за 60 кілаграмаў - згодна з аховай працы ў канцэртных залах і тэатрах, каб рабочыя змаглі падняць элемент дэкарацыі не толькі механічна, а, калі прыйдзецца, і рукамі. Модулі надзейна мацуюцца да падлогі і верхняй механізацыі сцэны.

Завяршылі сезон на тыдзень раней за звычайную дату. Гэта звязана з тэхнічнымі даследаваннямі сцэны – разам з замежнымі спецыялістамі будуць правяраць сафітныя пад’ёмнікі і механізацыю. Невялікі рамонт чакае і падлогу сцэны. Крэслы глядзельнай залы зачахляць, люстру апусцяць, каб хрусталю вярнуць бляск.

Наступны раз "Паўлінку" дадуць у верасні. І, бадай, упершыню за 70 гадоў купалаўцы адступяць ад традыцыі. Старт 96-му сезону 25 жніўня будзе даваць "Пінская шляхта". А 15 верасня легендарная трупа адзначыць 95-годдзе тэатра.