Купалаўскі тэатр прэзентуе новую пастаноўку "Школа падаткаплацельшчыкаў"

28 января 2017

Прэм'ерай тэатр пакажа сваім гледачам, як разбагацець законным чынам. Што ж трэба, каб стаць арандатарам галоўнага сімвала Францыі - Эйфелевай вежы, на генеральнай рэпетыцыі даведалася Вольга Мядзведзь.

У часы Вялікай дэпрэсіі гэта п'еса гучала з вядучых тэатральных пляцовак Францыі. Напісаная ў 1934 годзе, п’еса драматурга Луі Вернея і акцёра Жоржа Бера выклікала фурор па ўсім свеце – яе паказвалі нават у Савецкім Саюзе. На нацыянальнай сцэне "Школа падаткаплацельшчыкаў" упершыню, але гэты твор Мікалай Пінігін ужо ставіў у санкт-пецярбургскім Вялікім драматычным тэатры імя Таўстаногава. У Купалаўскім - новае аўтарскае ўвасабленне. З папяровых старонак на тэатральныя падмосткі тэкст ажывілі на беларускай мове.

"Школа падаткаплацельшчыкаў" складаецца з трох частак і будзе ісці з двума антрактамі, што таксама ў Купалаўскім упершыню. Для кожнай дзеі свае адноўленыя дэкарацыі, касцюмы і рэквізіт. Менавіта да прэм'еры ў складзе тэатральнай трупы папаўненне. На сцэне бутафорскі палярны драпежнік.

Упершыню за гісторыю Купалаўскага рэпертуарны спектакль будзе аформлены не рукамі тэатральнага мастака - спецыяльна для новага праекта запрасілі няштатнага майстра. Сцэнаграфію да французскай камедыі падрыхтаваў адзін з самых вядомых мастакоў-канцэптуалістаў Беларусі - Руслан Вашкевіч

Галоўны герой - Гастон Вальцье адкрывае "Школу падаткаплацельшчыкаў", дзе выкладае, як застацца на хвалі і зарабіць яшчэ больш грошай. Фінансавая гісторыя разгортваецца пад гукі джаза той эпохі. Музычным суправаджэннем сталі кампазіцыі Джанга Рэйнхарда - заснавальніка стылю "джаз-мануш".