Купалаўскі тэатр падрыхтаваў спецыяльны вечар да 100-годдзя са дня нараджэння Галіны Макаравай

16 января 2020
Каралеў яна не іграла, але была ўсесаюзнай бабуляй! Да 100-годдзя са дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Галіны Макаравай Купалаўскі тэатр падрыхтаваў спецыяльны вечар у гонар легенды. Гледачы змогуць убачыць дакументальныя кадры са спектакляў, кінафільмаў, з жыццёвай хронікі. Сваімі ўспамінамі, гісторыямі тэатральнага жыцця з Галінай Кліменцеўнай падзеляцца народныя артысты Генадзь Аўсяннікаў і Зінаіда Зубкова, а таксама сябры, землякі, сваякі, госці з далёкай Амерыкі. 

Макарава нязменна служыла Купалаўскаму тэатру больш як паўстагоддзя. За гэтыя гады за ёй замацаваўся вобраз сапраўднай беларускай жанчыны. Менавіта пад яе драматург Андрэй Макаёнак пісаў гераінь у сваіх п'есах. З пастаноўкі "Выбачайце, калі ласка!" паводле яго твора і пачаўся тэатральны поспех актрысы. У кіно ж яна стала вядомая амаль у 60 гадоў, пасля ролі ў фільме "Удовы" Мікаэляна.