Сёння на галоўнай драматычнай сцэне Беларусі - Купалаўскім тэатры - адбудзецца юбілейны вечар, прысвечаны 95-годдзю са дня заснавання. З юбілеем калектыў Купалаўскага павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У святочны дзень дадуць спектакль, якім у 1890-м адкрываўся будынак тэатра. Спектакль "Сфінкс". Аб тым, што гэтая п'еса дайшла да нашых дзён, ніхто не ведаў. Летась яна была знойдзена ў тэатральнай бібліятэцы Санкт-Пецярбурга. А сёння легендарная трупа перанясе яе на сцэну. Будуць паказаны ўрыўкі з п'есы на 50 хвілін. Гэта разавая акцыя. Спектакль не плануюць уносіць у рэпертуарную афішу.
Другое аддзяленне - гэта традыцыйны тэатральны "капуснік". У свой дзень нараджэння тэатр Янкі Купалы запрашае сваіх калегаў і блізкіх сяброў. Білеты на юбілейны вечар не прадаваліся.













