Купалле ў Александрыі - нацыянальны брэнд

6 июля 2019

Сёння - самая таямнічая ноч у годзе… купальская. З асаблівым размахам свята сустракаюць у Шклоўскім раёне. Больш за тое, Купалле ў Александрыі - ужо нацыянальны брэнд. Вось ужо 10 гадоў менавіта тут вялікае свята збірае сваіх сяброў. І з кожным годам сяброў становіцца ўсё больш. У гэтыя дні чакаюць каля 80 тысяч гасцей. І нават складана паверыць, але ў першы год правядзення фестываль сабраў толькі 3 тысячы чалавек. Кульмінацыяй сённяшняга дня стане вялікі вячэрні гала-канцэрт. Ён пачнецца літаральна праз паўгадзіны.

Аб самых яркіх момантах юбілейнага фестывалю і купальскіх цудах даведаемся ў Веранікі Буты

У гэтыя хвіліны Александрыя жыве ў прадчуванні цэнтральнай падзеі дня - маштабнага гала-канцэрта.  Да яго пачатку застаецца ледзь менш за паўгадзіны. Нацыянальнае шоу пад назвай "Зроблена ў Беларусі" распавядзе пра самае дарагое і роднае месца для кожнага з нас - пра малую радзіму. На сваю малую радзіму сёння плануе прыехаць і Кіраўнік  дзяржавы.

Выключна жывое выкананне. Адзін з сюрпрызаў вечара - сумесны нумар Юліі Быкавай і Ціны Караль. Артысты жадаюць аб'яднаць беларускую і ўкраінскую народныя песні, тым самым паказаць, наколькі блізкія і адзіныя славянскія культуры. Чакаюць на свяце і Льва Лешчанку. Назапасена некалькі музычных навінак, напісаных спецыяльна да свята ў Александрыі. На галоўную сцэну выйдуць каля 30 папулярных артыстаў. Плюс хор з чатырох дзясяткаў чалавек і дзясятак музыкантаў. 

Пад адкрытым небам размясцілі 3 тысячы 300 месцаў у партэры. І хачу адзначыць, усе білеты былі раскупленыя ў лічаныя дні. Але гэта не падстава хвалявацца тым, хто не паспеў. Трансляцыю канцэрта будуць весці на вялікіх экранах для ўсіх ахвочых. А бліжэй да паўночы гасцей традыцыйна парадуюць лазерным шоу - карцінку абяцаюць уражлівую з усіх ракурсаў. Апроч артыстаў знакамітых, у Александрыю традыцыйна прыязджаюць і пакуль яшчэ юныя зорачкі. Дэбют на шклоўскай зямлі для шматлікіх можа стаць крокам на вялікую сцэну.

Арганізатары ўвесь дзень вялі перамовы і з надвор'ем - яно сёння капрызнае. Але запэўнілі: дождж не зможа падмачыць рэпутацыю свята. Аб камфорце гледачоў абяцалі падбаць, таму на ўсякі выпадак атулілі сядзенні і падрыхтавалі дажджавікі. Іх можна было знайсці ў продажы і ў гандлёвых радах, даўжыня якіх сёлета 1 км 200 метраў. Апроч сувеніраў, зробленых сваімі рукамі, можна набыць і сувеніры II Еўрапейскіх гульняў, якія менш як тыдзень таму завяршыліся ў Мінску. 

Без гэтага атрыбуту купальскую ноч мала хто можа сёння ўявіць. Каб шукаць папараць-кветку, сёння далёка хадзіць не трэба. Яна сама вас знаходзіць.

За 10 гадоў невялікі мясцовы форум вырас у сапраўды славянскі фестываль мастацтваў. А вуліца народных умельцаў ператварылася ў сапраўдны горад майстроў - сёлета тут прапанаваныя рамёствы з сямі краін свету. Кожны рэгіён паказаў свае ўменні і традыцыі, якія, маглі і не дажыць да нашага часу. 

Асаблівая ўвага - кухні славянскіх народаў. Прайсці міма духмяных падворкаў проста немагчыма. Так, нашы кухні падобныя, але ўсё ж у кожнай ёсць свае асаблівасці. Частавалі сёння тут дранікамі, халадніком, рускімі блінамі. Вядома, святочная пляцоўка напоўнілася водарам шашлыкоў. Стравы на любы смак і па вельмі дэмакратычных цэнах. Практыка мінулых гадоў паказвае: за выхадныя толькі ў адным гандлёвым пункце прадаюць больш як 400 кг мяса. Асобным сюрпрызам стаў спецыяльна распрацаваны да юбілею хлебны квас пад назвай "Александрыя". 

У гэтыя дні гасцям Александрыі прапаноўваюць сумясціць музычнае свята з пазнавальным. Распрацаваныя спецыяльныя экскурсійныя маршруты: можна наведаць клас, у якім вучыўся беларускі Прэзідэнт, і паспытаць ваду з Трафімавай крыніцы. Скарысталіся такой магчымасцю сёння дыпламаты больш як двух дзясяткаў дзяржаў. Для адных Купалле - гэта адраджэнне самабытных звычаяў, для другіх - цалкам новы вопыт і ўражанні. Дзякуючы спазнанню традыцый можна лепш спазнаць і саму краіну, куды прыехаў працаваць. 

Шклоўскі раён - месца не проста маляўнічае, гэтае месца з асаблівай сімволікай. Александрыя ў гэтыя ліпеньскія дні, нібы культурны мост паміж народамі. Чарговы раз фестываль нагадвае і аб адзінстве славян, і аб нашай агульнай гісторыі, і аб традыцыях. Злучным звяном гэтага адзінства ўжо сотні гадоў з'яўляецца Днепр. А у купальскую ноч мы вельмі адчуваем сакральную сувязь з роднай зямлёй, з нашымі продкамі і адно з адным. 

Што датычыцца заўтрашніх планаў, дзень будзе не менш насычаным. Апроч традыцыйных кірмашу, свята аграрыяў, выступленняў народных калектываў, можна будзе даведацца сакрэты масажу, рэлакс-тэрапіі і нават - як правільна парыцца ў лазні. Сёння ж свята скончыцца бліжэй да світанку. Не абыдзецца, вядома, і без галоўнага атрыбуту Купалля - агню і пошуку папараць-кветкі. А гэты вянок з маёй галавы бліжэй да паўночы абавязкова адправіцца ў шлях па Дняпры. Спадзяюся, праплыве ён як мага даўжэй