Купала і Багдановіч - з кітайскім акцэнтам

28 февраля 2017

Другі пекінскі ўніверсітэт замежных моў падрыхтаваў сюрпрыз для беларусаў. Студэнты гэтай установы, якія вывучаюць беларускую мову, прадэкламавалі вершы нашых класікаў у арыгінале. Ключавой падзеяй мерапрыемства стала ўсталяванне тэлемоста паміж Мінскам і Пекінам. Дзякуючы сучасным тэхналогіямі, студэнты з Паднябеснай змаглі ў рэжыме рэальнага часу пагутарыць з аднагодкамі з факультэта міжнародных адносін БДУ, якія вывучаюць кітайскую.

Сяргей Вярэйка, консул пасольства Беларусі ў КНР: "Паміж універсітэтамі і інстытутамі Беларусі і Кітая існуе больш як 200 праграм аб супрацоўніцтве. Аднак на гэты раз мы вырашылі, што студэнтам варта пазнаёміцца бліжэй. Для гэтага мы абралі новы фармат - фармат тэлемоста, каб ісці ў нагу з часам".

Чжаа Хуэйцзін, выкладчык Другога пекінскага інстытута замежных моў: "Наш універсітэт у 2014 упершыню ў краіне адкрыў курс беларускай мовы. Зараз у нас каля 20 студэнтаў вывучаюць гэтую мову. Сувязі паміж Кітаем і Беларуссю ўмацоўваюцца, таму ўсё больш патрабуецца спецыялістаў з веданнем беларускай мовы. Сённяшняе мерапрыемства вельмі карыснае, бо дае магчымасць студэнтам з дзвюх краін пагутарыць на зразумелых адзін аднаму мовах. Сёлета мы плануем адкрыць для нашых студэнтаў яшчэ і анлайн-курсы беларускай мовы".

Такія тэлемосты пасольства нашай краіны ў Кітаі плануе праводзіць і ў будучыні.