У Бабруйску падвялі культурныя вынікі года

15 декабря 2017

Горад на Магілёўшчыне развітаўся са статусам "Культурная сталіца Беларусі" і перадаў эстафету Наваполацку. На развітанне мясцовы Палац мастацтваў абнавіў экстэр'ер. Бронзавую фігуру дзяўчыны-бабруйчанкі ўсталявалі на плошчы перад палацам. Цырымонія сабрала аматарскія і прафесійныя калектывы артыстаў. Падрабязнасці - у Ніны Мажэйкі.

Прыняць культурную эстафету і нават сустрэць гасцей трох міжнародных форумаў. Бабруйску па сілах. Рэзюмуючы цэлы год можна заблытацца ў пералічэннях. Лічба гаворыць сама за сябе. Больш за 100 культурных праектаў менш чым за 365 дзён.

Да культурнага фінішу Бабруйск прыйшоў з бронзай. Менавіта гэты матэрыял абраў скульптар Аляксандр Шапо для сваёй манументальнай дзяўчыны. Яна атрымалася рослая - 2.40! Важкасцю паўтоны. Ды яшчэ такі значны твор у руках - трымае цэлы культурны год. Бабруйчанку апранулі згодна з аутэнтычным канонам мясцовасці.

А ў Палацы мастацтваў культурны год паставілі на паўзу. Падзеі года закансервавалі ў фотаздымках. На другі паверх - па жывой лесвіцы, з размаўляючымі калонамі. А яшчэ сінтэз народнай з прафесійнай творчасцю. Бабруйская эклектыка. За год маладыя таленты ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх, абласных, міжнародных конкурсах.

Канцэрт пачалі з высокай тэнаровай ноты саліста Вялікага тэатра Сяргея Франкоўскага. Разам з народным такая ж народная - Ніна Шарубіна. Гэты дуэт стаў адным прафесійным на сцэне. Пад глыбокія словы Алеся Бачылы вадзілі карагоды аматарскія ці паўпрафесійныя калектывы. Але атрымалася сапраўднае шоу. Святлодыёдныя экраны дадалі сцэнаграфіі сучаснасці.

Культурнай сталіцай Беларусі ў наступным годзе стане Наваполацк. Гэта будзе дзявятая вандроўка рэспубліканскай акцыі. Вялікую стаўку робяць на маладыя калектывы. Тым больш, у Наваполацку больш за 40 працэнтаў жыхароў - моладзь.