Культурны "Праменад"

5 июля 2019

У гэту суботу каля мінскай ратушы завяршаюцца джазавыя вечары, партрэты зорак рускага балета можна ўбачыць у музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, а ў Палацы мастацтваў - адразу некалькі выстаў беларускіх майстроў. На культурны "Праменад" у гэтыя выхадныя запрашае Ларыса Гулякевіч.

"Першыя імёны рускага балета"… Уланава, Паўлава, Кшасінская, Карсавіна, Плісецкая… Здымкі, нібы карціны, былі зроблены знакамітымі фотамастакамі амаль 150 гадоў таму. 

Калекцыя арыгінальных работ фотамастакоў - з фонду Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі мастацтваў. Экспазіцыя прысвечана легендарным артыстам сусветнага балета, іх тэатральнаму жыццю з 1890-х гадоў і да нашых дзён. Незвычайнай манерай вылучаюцца работы Мірона Шэрлінга. Дзякуючы дасканалай апрацоўцы негатываў яго творы падобныя на жывапіс і графіку. Партрэты Фокіна, Карсавінай, Кшасінскай і іншых зорак "Рускіх сезонаў" пачатку мінулага стагоддзя сабраны ў музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, які можна наведаць да 30 ліпеня.

Палац мастацтваў прапануе адразу некалькі новых экспазіцый. Адна з іх - жывапіс і графіка беларускага мастака Аляксандра Пашкевіча.

Творы Аляксандра Пашкевіча гарманічна сумяшчаюць традыцыі і сучаснасць. Лірычны, містычны мастак, які адзначае свой 75-гадовы юбілей, пераносіць на мову мастацтва беларускую паэзію, лірыку кахання, вобразы хрысціянства.

Яшчэ адна выстава арганізавана па выніках пленэраў беларускімі мастакамі з розных рэгіёнаў нашай краіны і прысвечана памяці Віктара Сташчанюка.

Рэканструкцыя краявідаў і панарам такіх старажытных гарадоў, як Навагрудак, Заслаўе і Мінск, а таксама гістарычных падзей і помнікаў дойлідства - галоўны і вызначальны ўклад Віктара Сташчанюка ў нацыянальную скарбонку Беларусі. Таму пленэры памяці Віктара Сташчанюка традыцыйна базуюцца менавіта ў гэтых гарадах Беларусі, у іх прынялі ўдзел сучасныя творцы.

У гэтую суботу завяршаюцца "Джазавыя вечары ля ратушы". На гэты раз музыканты з ЗША прадэманструюць джазавыя творы са смакам госпела, блюза і соўла. 

У праграме заключнага джазавага вечара ў Верхнім горадзе - выступленне Джоя дэ Франчэска - амерыканскага музыканта і вакаліста, які іграе на клавішах з 4 гадоў, і з 2003 года яго выбіраюць лепшым джазавым арганістам.

Заўтра у канцэрце пад адкрытым небам таксама прыме ўдзел рамантычны дуэт The Baylor Project, які двойчы намініраваўся на прэмію "Грэмі".

Напярэдадні купальскай ночы 6 ліпеня Лошыцкая сядзіба запрашае на мерапрыемства з музычнай праграмай Summer time.