Культурныя падзеі - у рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч

6 декабря 2019
Культурны квэст у выхадныя можна пачаць з Нацыянальнага мастацкага музея з яго новымі выставамі. Сярод іх - "Шрага Царфін. Рух да святла" і дапаўненне пастаяннай экспазіцыі “Сусвет Язэпа Драздовіча”. У залах гістарычнага - рарытэтныя навагоднія цацкі, а ў Лошыцкай сядзібе працягваюцца музычныя вечары. 

Больш культурных падзей у рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч.

Гэтыя выхадныя я раю правесці ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Тут адкрылася першая ў Беларусі персанальная выстава, прымеркаваная да 120-годдзя мастака Парыжскай школы - нашага земляка, які родам са Смілавіч, Файбіша-Шрагі Царфіна.

На выставе прэзентаваныя 52 працы мастака, створаныя ў розныя гады, якія адлюстроўваюць самыя разнастайныя грані яго таленту. Адной з вядучых тэм у творчасці Шрагі Царфіна з'яўляюцца пейзажы Францыі, якая стала яму другой радзімай. Мастак імкнуўся перадаць духоўныя і філасофскія праблемы, якія яго хвалююць. Царфін перш за ўсё быў выдатным каларыстам са своеасаблівай індывідуальнай палітрай. Ён выпрацаваў пазнавальную тэхніку, увесь час быў ў пошуку новых выразных сродкаў. Яго творы знаходзяцца ў многіх музеях Францыі, калекцыях баронаў Ротшыльдаў і сям'і Чарлі Чапліна. 

Калі зазірнуць у суседнюю залу, тут адкрыўся новы раздзел пастаяннай экспазіцыі “Сусвет Язэпа Драздовіча”. Некаторыя з жывапісных і графічных работ раней увогуле ніколі не выстаўляліся, таксама на выставе - дотыкавыя карціны, прызначаныя для людзей з парушэннямі зроку.

Цэнтральнае месца ў новым раздзеле экспазіцыі займаюць працы Язэпа Драздовіча, прысвечаныя космасу. Шматлікія творы “касмічнага цыклу”, а гэта як карціны, так і надзвычай цікавыя тэксты - фенаменальная з’ява не толькі ў беларускай, але і ў сусветнай культуры. А віртуальны архіў-музей дае магчымасць упершыню спалучыць мастацкія творы Драздовіча, прысвечаныя космасу, і адпаведныя ўрыўкі з яго тэкстаў.

У гістарычным - навагоднія цацкі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі. Цэлы музей у музеі.

Праект "Музей ёлачных цацак" знаёміць з традыцыямі навагодніх святаў такіх экзатычных краін, як Паўднёвая Карэя, Іран, Конга, Перу, Анцігуа і Барбуда, Новая Зеландыя і шмат іншых. Экспазіцыя пабудаваная па прынцыпе магічнага лабірынту, у якім прадстаўлена гісторыя вытворчасці шкляных ёлачных упрыгажэнняў з сярэдзіны 19 стагоддзя і да цяперашняга часу. 

Лошыцкая сядзіба ў суботу запрашае на канцэрт з музычнай праграмай "Асенняе лісце".

Інструментальная музыка рускіх і замежных кампазітараў, а таксама вакальныя сачыненні Сяргея Рахманінава, Пятра Чайкоўскага, Георгія Свірыдава складаюць афішу музычнага цыкла, які праходзіць у сядзібе Лошыцкага комплексу суботнімі вечарамі. З боку выканаўцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі канцэртная праграма - гэта падарунак жыхарам Мінска да 95-годдзя сваёй alma mater.

У Вялікім тэатры - адноўлены балет "Стварэнне свету". Прыемных і нясумных выхадных!